Аператыўнікі менскага Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі затрымалі ў момант атрымання хабару 48-гадовага старшыню камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні дзяржаўных закупак адной з дзяржаўных арганізацыяў Гомельшчыны.
Назва арганізацыі праваахоўнікі не агучваюць.
Па дадзеных УБЭП, дзяржслужбоўца «прыняў для сябе асабіста грошы ад дырэктара адной сталічнай камерцыйнай арганізацыі за спрыяльнае вырашэнне пытання па выбары яе ў якасці пераможцы працэдуры дзяржаўнай закупкі за кошт дзяржаўных бюджэтных сродкаў вадалазнага абсталявання». Пра гэта паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.
У дачыненні да асобы, якая атрымала хабар, распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь («атрыманне хабару»). Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Гомельскага аблвыканкаму. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў.
ІІ, belsat.eu