У ЗША памёр студэнт, якога тыдзень таму вызвалілі з паўночнакарэйскай турмы


Амерыканскі студэнт Отта Вомбіер памёр праз тыдзень пасля вызвалення з турмы ў КНДР.

Пра гэта 19 чэрвеня паведамілі ягоныя сваякі. Вомбіер памёр а 21:20 паводле менскага часу ў больніцы Цынцынаці.

22-гадовага Вомбіера паўночнакарэйскія ўлады вызвалілі 13 чэрвеня. Яго эвакуявалі з КНДР у стане комы, у якую студэнт упаў вясной 2016 года. У ЗША ў яго зафіксавалі шырокую гібель клетак мозгу.

Паводле версіі ўладаў КНДР, Вомбіер заразіўся батулізмам, а потым упаў у кому, прыняўшы снатворнае.

16 сакавіка Вярхоўны суд КНДР вынес прысуд Отта Вомбіеру – 15 гадоў турмы. Хлопец сарваў прапагандысцкі плакат у пхеньянскім гатэлі для замежнікаў, і паўночнакарэйскія суддзі ўгледзелі ў гэтым «антыкамуністычны грэх».

Амерыканскі студэнт прыбыў у Паўночную Карэю 25 снежня мінулага года ў складзе турыстычнай групы. Ноччу 1 студзеня ён прабраўся ў службовае памяшканне пхеньянскай гасцініцы «Янгакто» і сарваў са сцяны палітычны плакат.

Амерыканец цалкам прызнаў сваю віну. Паводле Вомбіера, ён стаў «ахвярай варожай палітыкі амерыканскай адміністрацыі ў дачыненні да КНДР». «Я здзейсніў самую сурʼёзную памылку ў сваім жыцці», – заявіў ён на судовым паседжанні.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Reuters», фотаздымак Kyodo / Forum

Стужка навінаў