У ЗША невядомы забіў беларуса, які ехаў у шпіталь да нованароджанага сына


32-гадовага Дзяніса Слабаду забілі стрэлам у галаву ўвечары 26 верасня ў горадзе Фэдэрал Уэй, штат Вашынгтон. Прычынай забойства мог быць дарожны інцыдэнт, паведамляюць мясцовыя СМІ. У мужчыны нарадзіўся другі сын, жонка з нованароджаным знаходзілася ў шпіталі.

Апошнім, хто бачыў мужчыну жывым, быў ягоны брат. Ён распавёў журналістам, што ў панядзелак увечары Дзяніс прыехаў да яго – назаўтра ён упершыню выходзіў на новую падпрацоўку ў якасці кіроўцы лімузіну.

Дзяніс распавёў брату, што па дарозе іншы кіроўца падрэзаў яго машыну і ледзь не ўрэзаўся ў яго. Беларус спыніўся і паспрабаваў высветліць, што адбываецца. Завязалася спрэчка з іншым кіроўцам, мужчынам азіяцкага паходжання, які дастаў пісталет. Дзяніс з’ехаў, але забойца пераследаваў яго і прыпаркаваўся непадалёк ад дому Антона.

Даехаўшы да брата, Дзяніс папрасіў даць яму зарэгістраваную зброю Антона для самаабароны. Мужчына з вакна паказаў яму пераследніка, але было цёмна і ён не здолеў яго разглядзець. Антон Слабада адмовіўся даць зброю і параіў перачакаць.

Ад брата Дзяніс Слабада паехаў у шпіталь, але па дарозе быў забіты. Паводле інфармацыі адной з крыніц, мужчыну забілі стрэлам у галаву ззаду. Па стане на раніцу аўторка паліцыя яшчэ не апісала падазраванага.

У Дзяніса Слабады 6 братоў. Сямʼя эмігравала з Беларусі ў 1998 годзе.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў