У ЗША назвалі пераможцаў Шнобелеўскай прэміі


У ЗША прайшла 26 цырымонія ўручэння так званай Шнобелеўскай прэміі. Пераможцам сёлета сталі даследчыкі, якія вывучалі лаянкі кіроўцаў за стырном, а таксама пра карысць амерыканскіх горак для здароўя.

Паводле BBC і Ars Technica, Шнобелеўская, ці Антынобелеўская прэмія ўручаецца за тыя дасягненні, якія спачатку выклікаюць смех, а ўжо затым прымушаюць і задумацца. Намінанты прэміі вызначаюцца ў 10 галінах. А пераможцы атрыліваюць узнагароду ў памеры 10 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў. Долары з Зімбабвэ, дарэчы, выведзеныя з абароту. А 10 трыльёнаў складаюць некалькі цэнтаў долараў ЗША.

Сёлетнія намінанты, як піша The Guardian, вызначаныя ў 10 галінах. Даследчыкі з Канады, Кітаю, Сінгапура і ЗША спрабавалі высветліць, якім чынам людзі змогуць кампенсаваць несправядлівасць на працы. У працы «Права на няправільнае» адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што гэтаму можа паспрыяць лялька вуду, якая нагадвае начальніка.

Ўзнагароду ў галіне медыцыны атрымалі уролагі з Мічыгана, якія вызначылі, што выводзіць камяні з нырак можна нашмат хутчэй, калі пацыент будзе катацца на амерыканскіх горках.

Літаратурную Шнобелеўскую прэмію арганізатары ўручылі адмыслоўцам з Аўстраліі, Сальвадора і Вялікай Брытаніі. Навукоўцы пасля доўгіх пошукаў і даследаванняў прыйшлі да высновы што людзі, якія карыстаюцца складанымі тэхналогіямі або гаджэтамі, не выкарыстоўваюць усе іх функцыі, таму што амаль ніколі не чытаюць інструкцыяў.

Сярод іншых лаўрэатаў прэміі – шведскія філосафы, якія выявілі ў мясцовым заапарку, што шымпанзэ імітуюць паводзіны людзей гэтак жа, як і людзі імітуюць дзеянні шымпанзэ.

Узнагарода па біялогіі была ўручана шведскім навукоўцам, якія даказалі: прафесійныя дэгустатары на смак могуць вызначыць віно, у якім пабывала муха.

Намінантам сумнеўнай узнагароды быў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У 2013 годзе ў Маскве яму ўручылі прэмію «Срэбраная галоша». Гэтая прэмія ўручаецца «за самыя сумнеўныя дасягненні» і ініцыяваная радыёстанцыяй «Срэбны дождж«.
Лукашэнка стаў удзельнікам у намінацыі «Плагіят года, або блізнюк падкраўся непрыкметна». Арганізатары прэміі ўручылі яе Лукашэнку за словы, пра тое, што ён, пасля таго як Пуцін злавіў шчупака, распавёў пра свой улоў. Лукашэнка хваліўся, што выцягнуў з ракі сама вагой 57 кілаграмаў.

Глядзі таксама
Каментары