У ЗША міністр аховы здароўя сышоў у адстаўку праз карупцыйны скандал


Міністр аховы здароўя ЗША Том Прайс сышоў у адстаўку пасля таго, як стала вядома, што ён лётаў у камандзіроўкі дарагімі прыватнымі самалётамі замест звычайных камерцыйных рэйсаў, піша bbc.com.

26 такіх палётаў экс-міністра з пачатку траўня абышліся амерыканскаму бюджэту ў 400 тыс. долараў.

Том Прайс папрасіў прабачэння перад падаткаплацельшчыкамі, прапанаваўшы кампенсаваць грошы, выдаткаваныя на яго палёты сродкі.

Урадавыя чыноўнікі, за выключэннем тых, якія займаюцца пытаннямі нацыянальнай бяспекі, абавязаны лётаць у камандзіроўкі звычайнымі камерцыйнымі рэйсамі.

Тры іншых чальца кабінета прэзідэнта Дональда Трампа знаходзяцца пад пільнай увагай з той жа прычыны – у сувязі з выкарыстаннем імі прыватных самалётаў для палётаў у камандзіроўкі.

У заяве Белага дома гаворыцца, што прэзідэнт Трамп прыняў адстаўку Прайса, і што абавязкі міністра аховы здароўя часова будзе выконваць былы намеснік Прайса Дон Райт.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў