«У зоне баявых дзеянняў парытэт». На Данбасе зноў абвешчанае замірэнне


У зоне баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны з 1 чэрвеня ўступіла ў сілу чарговае замірэнне. Напярэдадні ўкраінскія вайскоўцы атрымалі загад аб забароне выкарыстоўваць усе віды ўзбраенняў і боепрыпасаў. 

Ініцыятыва аб перамірʼі з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей зыходзіла ад абодвух бакоў канфлікту, а таксама ад Сумеснага цэнтру па кантролі і каардынацыі за выкананнем рэжыму спынення агню. У«ДНР» кажуць аб дасягнутай дамоўленасці аб «бестэрміновым замірэнні».

Сёння раніцай паведамлялася, што рэжым спынення агню ў Данбасе ў цэлым выконваецца.

Аднак вялікага аптымізму наконт перспектываў міру на Данбасе эксперты не маюць.

«Выраз «бестэрміновае замірэнне на Данбасе» мы чуем ужо некалькі гадоў. Я нават не ўзгадаю, колькі разоў пра гэта гаварылася. Гэтыя замірэнні абʼяўляюцца кожныя некалькі месяцаў. Але ніводнае замірэнне не было выканана. Найбольш адчувальная паўза была восенню 2015 года – тады таксама стралялі, але інтэнсіўнасць абстрэлаў была вельмі нізкая. Але за тры гады канфлікту ніколі не было поўнага спынення агню. І цяпер я таксама не веру, што будзе поўнае замірэнне», – адзначыў украінскі палітолаг Уладзімер Фясенка ў інтэрвʼю «Белсату».

Адначасова Фясенка не прагназуе і маштабнай эскалацыі канфлікту на Данбасе ў бліжэйшай будучыні.

«Пакуль ідзе актыўная перамоўная гульня Пуціна з заходнімі партнёрамі, пакуль не завяршыўся электаральны цыкл (парламенцкія выбары ў Францыі, выбары ў Нямеччыне), пакуль няма канкрэтных дамоўленасцей з Трампам вялікай эскалацыі не будзе. Гэта проста небяспечна. Калі на эскалацыю пойдзе Украіны, то яна проста падставіцца перад заходнімі партнёрамі. Калі пойдзе Пуцін, то ён такім чынам зломіць усю сваю перамоўную гульню з Захадам. Таму да канца 2017 году эскалацыі не будзе – з палітычнага пункту гледжання гэта проста нелагічна. Могуць быць невялікія абвастрэнні, павелічэнне абстрэлаў, але не больш. Акрамя таго, бакі сёння не маюць рэсурсаў для маштабнага наступу, у зоне баявых дзеянняў назіраецца парытэт», – кажа палітолаг.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў