«У» – значыць «уцякай!»


Машына – старэйшая за курсанта, а інструктар яшчэ не адышоў «па ўчаршнім». Ці варта плаціць за гэта $ 500?

Менская Дзяржаўтаінспекцыя цягам сямі дзён будзе ладзіць рэйды на дарогах ды спраўджваць машыны са знакам «У». Паводле ДАІ, стан вучэбных машын і дакументацыя патрабуюць пільнай увагі.

Кляча на чатырох колах

Канкурэнцыя на рынку гэтых паслугаў, падавалася б, вельмі вялікая – мае быць і якасць. Мы абтэлефанавалі дзясятак менскіх аўташколаў у пошуку мары пачаткоўцы: каб нядорага, на добрай машыне і з кампетэнтным інструктарам.

У адной з аўташколаў нам нахвальвалі ўмовы навучання: і дасведчаны персанал, і выгоднае размяшчэнне вучэбных класаў. А вось з машынамі выйшаў пракол. «Залежыць ад таго, які інструктар вам трапіцца – у іх свае машыны, яны прадпрымальнікі, – паведаміў прадстаўнік аўташколы. – Ну, Opel у нас напрыклад ёсць. 1990-га году. Усе машыны недзе такога ўзросту».

Вучыцца ездзіць на машыне, якая часам можа быць старэйшая за курсанта, ды яшчэ – пасля экстрэмальных гадоў выкарыстоўвання ў аўташколе? Наталля, што нядаўна скончыла курс на катэгорыю В, вучылася акурат падобным аўце.

«У мяне была Dacia, ледзь жывая. Вучыцца на такой – больш складана. Асабліва калі машына глухне праз тэхнічны стан, а ты не разумееш, што робіш не так, бо першы раз за стырном сядзіш, – гаворыць Наталля. – Падаецца, што машына была ўласнасцю інструктара і што ён працуе адразу ў некалькіх аўташколах. Калі так, то для яго сэнс адзін – эканоміць грошы. Забівае машыну да канца і толькі потым укладае грошы ў іншую. Так бы мовіць, выціскае ўсё магчымае».

Фактар інструктара

«Амаль ні ў воднай аўташколы няма аўтапарку. Машыны з большага прыватныя. Ну і бяруць іх у такім стане, каб добрую машыну не псавалі вучні, – гаворыць Яніна, якая таксама ўжо скончыла курсы. – У аўташколе нават методыку навучання ў інструктара не пыталіся, калі прымалі яго на працу. Інструктарам можа стаць хто заўгодна з 2-гадавымі правамі».

Часам інструктар можа больш зарабіць «на халтуры» – дадатковых гадзінаў для тых, хто не авалодаў майстэрствам «круціць баранку» на базавым курсе. Адзін дадатковы занятак каштуе 150-200 тысяч. І грошы гэтыя нярэдка ідуць наўпрост у кішэню інструктара-прадпрымальніка, без аплаты падаткаў, Які ж тады стымул добра вучыць курсантаў?

У ДАІ згадваюць і іншыя грахі інструктараў. «Здараецца, што машыны, на якіх вучаць курсантаў, нават не маюць тэхагляду, – гаворыць інспектар ДАІ Партызанскага раёну Таццяна Спадабаева, – часта вучэбныя машыны адхіляюцца ад зададзеных маршрутах ды ездзяць па прыватных справах інструктараў. Кожную раніцу інструктар мае атрымаць допуск ад медпрацаўніка, атрымаць адмысловую пячатку. Лавілі не толькі тых, што без пячатак, але аднойчы што інструктар, што курсант – абодва былі з выразнымі прыкметамі апянення».

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Гарбатага магіла выправіць?

Няма сумневаў, што рэйды ДАІ будуць мець пэўны вынік: энную колькасць інструктараў пакараюць за адхіленні ад маршрутаў, хтосьці нават пазбавіцца правоў за кіраванне ў нецвярозым стане. Але агулам сітуацыя праз гэта не паправіцца.

У суседняй Польшчы курс на катэгорыю В каштуе каля $ 300. У гэты кошт уваходзіць медкамісія, паліва і вучэбныя матэрыялы. Падобныя кошты і ў Літве – каля $ 400. Але пра 20-гадовыя машыны і нецвярозых інструктараў там ня можа ісці і гаворкі: вольны бізнес і канкурэнцыя такіх рэчаў не прабачаюць.

Зрэшты, і ў Менску мы знайшлі аўташколу з новымі машынамі (праўда, расейскімі) і стандартным коштам $ 500. «У нас самая новая машына – 2014 году выпуску, з ліпеня. Самай старой 5 з паловаю гадоў, Так што прыходзьце і запісваецеся», – сказаў прадстаўнік аўташколы. І дадаў: але да 2015 месцаў няма. Толькі калі хтосьці з залічаных адмовіцца на вашую карысць.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў