У журналіста Аляксандра Здзвіжкова супрацоўнікі Следчага камітэту правялі ператрус


Фота з сайта baj.by

На кватэры беларускага журналіста Аляксандра Здзвіжкова адбыўся ператрус, забралі кампутар і карту памяці.

Як паведамляе сайт baj.by, Аляксандр Здзвіжкоў месяц таму паведаміў у міліцыю пра таямнічае знікненне сваёй сталай маці. Яго самога дапытвалі ў якасці сведкі і праводзілі допыт на дэтэктары хлусні.

«А праз колькі дзён дадому прыязджае следчая група і праводзіць ператрус, забіраюць кампʼютар і карту памяці. Следчыя заявілі, што на кампʼютары можа быць інфармацыя, датычная да знікнення маёй маці», – распавёў Аляксандр Здзвіжкоў.

Журналіст мяркуе, што ператрус адбыўся пасля таго, як следчыя па справе знікнення яго маці даведаліся пра яго прафесійную дзейнасць.

У 2008 годзе Аляксандра Здзвіжкова абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 130 ч 2. КК «Распальванне рэлігійнай варажнечы». На той час ён працаваў выпускаючым рэдактарам у газеце «Згода» і перадрукаваў карыкатуры на прарока Мухамеда з дацкай прэсы.

Больш за год журналіст знаходзіўся па-за тэрыторыяй Беларусі, але вярнуўся на радзіму.

ВЧ, belsat.eu паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары