У Жодзінскай турме памёр адзін з братоў, якіх вінавацілі ў збіцці міліцыянтаў


Справу 37-гадовага случчаніна Ігара Барбашынскага аб злосным непадпарадкаванні праваахоўнікам пры выкананні службовых абавязкаў другі месяц разглядае суд Слуцкага раёну.

У канцы сакавіка Ігар разам з братам Іванам вяртаўся дадому пасля наведвання начной кавярні. Мужчын затрымала міліцыя і абвінаваціла ў тым, што яны былі нецвярозымі ў грамадскім месцы. Пасля гэтага хлопцаў забралі ў медвыцвярэзнік, піша выданне «Новы час».

На наступны дзень туды выклікалі хуткую, якая забрала братоў у паліклініку. Дактары выявілі ў іх пералом рабрынаў і шматлікія гематомы. Браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб збіцці іх міліцыянтамі, а пасля даведаліся, што супраць іх распачалі крымінальную справу аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. У чэрвені Барбашынскіх затрымалі і да суда змясцілі ў Жодзінскі следчы ізалятар.

У жніўні прайшлі тры судовыя пасяджэнні, падчас якіх абставіны справы для міліцыянтаў складаліся не лепшым чынам. Судовы разгляд справы да гэтага часу не скончаны, абвінавачаныя запрасілі дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць іх невінаватасць.

Пра раптоўную смерць Ігара Барбашынскага адміністрацыя турмы паведаміла ягонай маці раніцай 20 верасня. Прычыны і абставіны смерці жанчыне не паведамілі. Паводле спадарыні Галіны, ейны сын быў здаровы, не хварэў, займаўся спортам.

Гэта ўжо не першая смерць абвінавачаных і падсудных у жодзінскай турме, піша выданне «Новы час».

Праваабаронцам вядома як мінімум пра тры выпадкі смерці вязняў у Жодзіна.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары