У Жодзіне затрымалі прадпрымальнікаў, якія збіралі подпісы супраць Указу N 222


Пяцярых удзельнікаў прадпрымальніцкага руху затрымалі ў Жодзіне. На Алеся Абрамовіча, Міхаіла Латышава, Паўла Старавойтава, Паўла Пракаповіча і Алеся Макаева склалі пратаколы за парушэнне правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Актывісты прыехалі ў горад правесці мітынг салідарнасці ды сабраць подпісы за адмену ўказу пра сертыфікацыю тавараў, але іх планам перашкодзілі.

«На сённяшні момант тысяча з нечым подпісаў, а патрэбна 50 тыс., бо кожны голас прадпрымальніка і наёмнага працаўніка і проста грамадзяніна зараз на вагу золата дзеля прадпрымальнікаў», – тлумачыць намеснік старшыні Руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў.

50 тыс. подпісаў патрэбныя для таго, каб з ініцыятывай аб скасаванні Указу N 222 можна было звярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Гэткая колькасць дазваляе надаць звароту грамадзянаў статус заканадаўчай ініцыятывы ды абавязвае суд разгледзець пытанне.

Першапачаткова актывісты планавалі сабраць неабходную колькасць подпісаў да чэрвеня. Але справа прасоўваецца цяжка. Найперш праз слабую інфармаванасць прадпрымальнікаў ды пазіцыю адміністрацыяў рынкаў.

«На жаль, адміністрацыя рынкаў перашкаджае збору подпісаў, вядзецца апрацоўка індывідуальных прадпрымальнікаў, аказваецца ціск, больш за тое і міліцыя і спецслужбы таксама перашкаджаюць, здымаюць на камеры і індывідуальныя прадпрымальнікі губляюцца», – распавядае Павел Пракаповіч з Камітэту выратавання прадпрымальніцтва.

Інфармацыйны сход і мітынг для жодзінскіх гандляроў актывісты руху выратавання прадпрымальніцтва сёння правесці так і не паспелі, іх затрымалі адразу пасля збору подпісаў. Надалей аналагічныя акцыі плануецца правесці на рынках Воршы 31 траўня і ў Баранавічах 5-га чэрвеня.

Стужка навінаў