У закарпацкіх кантрабандыстаў канфіскавалі беларускія цыгарэты


Пра гэта паведаміў на сваім афіцыяльным сайце губернатар Закарпацкай вобласці Генадзь Маскаль, піша УНІАН.

«Вынікі ператрусаў абагульняюцца і будуць паведамленыя дадаткова, аднак ужо можна сказаць, што асноўным пастаўшчыком цыгарэт, якія пасля нелегальна перанакіроўваюцца за мяжу, была Львоўская тытунёвая фабрыка», – гаворыцца ў паведамленні.

Частка канфіскаваных цыгарэт – беларускія. Гэта сведчыць аб тым, што ў Чарнігаўскай вобласці на мяжы з Беларуссю ёсць «вокны» для кантрабандыстаў, мяркуе Маскаль.

Губернатар дадаў, што дзеля ўзмацнення барацьбы з кантрабандай праз зялёную мяжу ўздоўж Закарпацця на ўсіх чатырох перавалах, што вядуць у вобласць, выстаўленыя пасты з супрацоўнікаў мытні, памежнай службы, МУС, СБУ і фіскальнай службы. Пасты павінны будуць перадухіляць завоз у Закарпацце буйных аптовых партый цыгарэт (у тым ліку без акцызных марак) і кантрафактных спіртных напояў, а з Закарпацця – вывазу леса-кругляка.

Кантрабанда лічыцца асноўнай прычынай канфлікту ў Мукачава, які адбыўся 11 ліпеня паміж прадстаўнікамі «Правага сектару» і атачэннем дэпутата Вярхоўнай Рады Міхаіла Ланьё.

Глядзіце відэаматэрыял «Белсату» пра беларускі след у перастрэлцы ў Мукачава.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў