У Японіі знайшлі жывым хлопчыка, пакінутага бацькамі на абочыне на мінулым тыдні


Сямігадовы хлопчык Ямата Танука быў знойдзены ў Японіі праз сем дзён пасля таго, як ягоныя бацькі пакінулі яго на абочыне за дрэнныя паводзіны.

Пра гэта паведамляе «The Japan Times» са спасылкай на паліцыю.

Дзіця выявілі на базе сіл самаабароны на востраве Хакайда, за 5 км ад таго месца, дзе яго пакінулі бацькі. Ён распавёў выратавальнікам, што спаў на матрацы ў хаціне. Хлопчык сцвярджае, што нічога не еў цягам апошняга тыдня, а толькі піў ваду. Калі ратавальнікі прапанавалі яму ежу, ён «з прагнасцю» яе зʼеў, падкрэслівае «The Japan Times».

Як распавялі бацькі дзіцяці, яны загадалі яму выйсці з машыны на абочыну ў лесе праз тое, што ён паводзіў сябе дрэнна. Пазней яны вярнуліся, аднак іх сына на месцы ўжо не было. Спачатку яны не гаварылі пра гэта, бо ім было сорамна за свае дзеянні, адзначыў бацька дзіцяці. Ён прызнаў, што «зайшоў занадта далёка», публічна са слязамі папрасіўшы прабачэння за тое, што зрабіў.

«Першае, самае першае, што я сказаў майму сыну гэта: «Прабач за тое, што я прычыніў табе столькі болю, тату вельмі шкада». І мой сын кіўнуў: «Прабачаю», – сказаў Такаюкі Танука, дадаўшы, што ён не чакаў, што ўсё выйдзе з-пад кантролю, падае Reuters.

«Я прызнаю, што тое, што мы зрабілі, было празмерным, і я паняцця не меў, што будзе ў канчатковым выніку. Я глыбока шкадую пра свае празмерныя паводзіны, але я зрабіў тое, што, як мне падавалася, будзе лепшым для яго», – сказаў бацька хлопчыка.

У пошуках дзіцяці былі задзейнічаныя сотні паліцыянтаў, пажарных і вайскоўцаў. Зараз Танука дастаўлены ў лякарню ў стане знясілення. На яго руках і нагах зʼявіліся драпіны, аднак у цэлым ён не пацярпеў.

МЯ, паводле rbc.ru, reuters.com

Стужка навінаў