У выбарчых камісіях Берасця будуць працаваць толькі прыхільнікі Лукашэнкі


Сёння апошні дзень, калі ў Беларусі павінны быць сфармаваныя ўчастковыя тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі, але падобна кампанія пойдзе па добра адпрацаваным за 21 год сцэнары.У Берасці ўчора сабраліся прадстаўнікі адміністрацыі Маскоўскага раёну гораду, каб сфармаваць выбарчыя камісіі. З 1253 пададзеных заяваў было адабрана 1125 чалавекі. Вось толькі не згодным з курсам дзейснай улады ў камісіях месца не знайшлося. Беспартыйны Аляксандр Мельнік удзельнічае ў выбарчых кампаніях з 2004 года, але і ён не быў уключаны ў склад выбарчай камісіі. Прычыну не ўключэння чыноўнікі назвалі – адсутнасці вопыту работы ў выбарчай камісіі. Але такую адмову Аляксандр Мельнік лічыць проста смешнай.

«Гэта чарговы фарс пад назвай выбары. Досвед працы на выбарчых працэсах у мяне вельмі вялікі. Прайшло пасяджэнне адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця – мяне не ўключылі па прычыне адсутнасці ў мяне вопыту работы ў выбарчай камісіі. Але прабачце мяне – я гэтымі выбарамі займаюся ўжо адзінаццаць гадоў, адукацыя ў мяне спецыяліст дзяржаўнага і мясцовага кіравання. Я хацеў бы ў твар убачыць таго камсамольца, які з’яўляецца сябрам выбарчай камісіі і які ў руках не трымаў выбарчага кодэксу. Усё ідзе па наезджанай каляіне, гэтыя выбары не будуць адрознівацца абсалютна нічым ад мінулых, і да іх у людзей няма цікавасці. Абскарджваць усе гэтыя рашэнні бессэнсоўна, з 2004 года я спрабаваў абскарджваць шмат рашэнняў выбарчых камісій, даходзіў да суда – але ўсё марна».

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін таксама лічыць, што цяперашняя прэзідэнцкая кампанія – гэта чарговы фарс.

«Я хацеў пачуць якой партыяй, колькі было пададзена заяваў і колькі чалавек з гэтых партый прайшло ў склад выбарчых камісій – мне гэтую інфармацыю не далі. Прадстаўнікі камісіі нават не паказалі нам праект рашэння з якога было б відаць хто і як трапіў у выбарчыя камісіі, я таксама не змог азнаёміцца з гэтым матэрыялам. Гэта прымушае задумацца, у нас вельмі вялікія сумневы ў сумленнасці і адкрытасці гэтай прэзідэнцкай кампаніі».

Па законе ў складзе выбарчых камісій 1/3 павінны складаць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і партый. У Маскоўскім раёне Берасця падобны паказнік не ўдаецца выканаць і блізка. Пры наяўнасці 87 выбарчых камісіі толькі 44 прадстаўніка (як правіла лаяльных да ўлады) розных палітычных партый увайшлі ў іх склад. Астатнія дабіраюцца з дапамогай грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і Белай Русі, так і ўтвараецца лічба – 511 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў у тэрытарыяльных камісіях Маскоўскага раёну Берасця.

Крыху раней у выбарчыя абласныя камісіі без тлумачэння прычын не былі ўключаныя прадстаўнікі «Рух за Свабоду». У прыватнасці Сяргей Вакуленка, які распавёў пра гэта Белсату:

«Калі фарміраваліся абласныя камісіі (у сярэдзіне ліпеня) заявы апазіцыйна настроеных грамадзянаў нават не разглядаліся. Таксама не разглядалі і маю кандыдатуру. У камісіі ўключаліся толькі тыя людзі, якіх палічыў патрэбным уключыць без тлумачэння прычын работнік аблвыканкаму. У судзе мы даведаліся, што было даручэнне фармаваць камісіі з правераных людзей, гэтыя людзі ўжо і раней рабілі выбары па патрэбным для ўлады сцэнары, зробяць і цяпер».

Не змог стаць сябрам камісіі і яшчэ адзін прадстаўнік «Рух за свабоду» Дзяніс Турчаняк.

«Аналіз складу выбарчых камісій сведчыць аб іх фармаванні з прыхільнікаў кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі – кажа Турчаняк – гэтыя людзі і будуць займацца «афармленнем» яго чарговага прэзідэнцкага тэрміну. Камісіі ўсіх узроўняў фармаваліся органамі выканаўчай улады, кіраўнікоў якіх прызначыў кандыдат Лукашэнка, знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта. Рукамі падкантрольных чыноўнікаў ён фармуе камісіі з лаяльных да яго грамадзянаў. Асабіста мяне не ўключылі ў склад Берасцейскай абласной тэрытарыяльнай камісіі, як я лічу, з-за маёй крытыкі цяперашняй улады. Мы абскардзілі адмову ў абласным судзе. У ходзе суда высветлілася, што адборам кандыдатаў у склад камісіі займалася галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкаму. Тое ж адбывалася і пры фармаванні ўчастковых камісій членамі адміністрацый раёну гораду, якія не ўключылі ў склад камісій нікога з берасцейцаў, здольных супрацьстаяць фальсіфікацыям».

АЛ. Belsat.eu

Стужка навінаў