У Вялікай Брытаніі партыя Тэрысы Мэй страціла абсалютную большасць


Тэрыса Мэй са сваймі прыхільнікамі

На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Вялікай Брытанія перамагае Кансерватыўная партыя.

Падлікі паказваюць, што ніводная з партыяў не атрымлівае абсалютнай большасці ў парламенце. Амаль на ўсіх 650 выбарчых акругах, торы пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Тэрысы Мэй атрымліваюць 256 месцаў у парламенце, а лейбарысты – 231 месца.

Як заявіла Мэй раніцай 9 чэрвеня, Вялікая Брытанія мае патрэбу ў «перыядзе стабільнасці», які яна гатовая забяспечыць пры ўмове большасці яе партыі ў парламенце. Джэрэмі Корбін, які ўзначальвае Лейбарысцкую партыю, са свайго боку заклікаў прэмʼера падаць у адстаўку і даць магчымасць сфармаваць новы ўрад, які «сапраўды прадстаўляе гэтую краіну».

Выбарчыя ўчасткі зачыніліся ў 00.00 паводле менскага часу. Канчатковыя вынікі стануць вядомыя толькі ў другой палове дня 9 чэрвеня.

Апошнія выбары ў палату абшчын прайшлі ў Вялікай Брытаніі ў 2015 годзе, і наступнае галасаванне паводле закону павінна было адбыцца толькі праз пяць гадоў. Але ў чэрвені 2016 года грамадзяне Вялікай Брытаніі прагаласавалі на рэферэндуме за выхад з Еўрапейскага звязу, пасля чаго тагачасны прэмʼер Дэвід Кэмэран падаў у адстаўку, і яго пасаду заняла лідар торы Тэрыса Мэй. У красавіку бягучага года яна абвесціла аб правядзенні датэрміновых выбараў, патлумачыўшы іх неабходнасць тым, што кабінету міністраў патрабуецца цвёрды мандат для правядзення перамоваў з ЕЗ аб Брэкзіце.

У красавіку, калі Мэй абвяшчала выбары, яе Кансерватыўная партыя апярэджвала бліжэйшых супернікаў, лейбарыстаў, на 20-24 працэнтных пункты. За мінулыя некалькі месяцаў разрыў скараціўся да некалькіх працэнтных пунктаў. У выніку не выключана, што кансерватары не змогуць захаваць цяперашнюю перавагу.

Брэкзіт застанецца ў сіле

Ніводная з партыяў, якія лідаруюць, не прапануе адмовіцца ад Брэкзіт і застацца ў складзе Еўразвязу. Кансерватары на чале з Мэй выступаюць за «жорсткі» Брэкзіт з адмовай ад адзінага рынку і адкрытых межаў, а лейбарысты пад кіраўніцтвам Джэрэмі Корбіна – за «мяккі» Брэкзіт з захаваннем пэўнага ўзроўню інтэграцыі з Еўразвязам.

Наўпроставыя перамовы аб умовах выхаду з ЕЗ пачнуцца адразу пасля брытанскіх выбараў. Фармальны выхад Вялікай Брытаніі з еўрапейскай супольнасці пакуль запланаваны на 29 сакавіка 2019 года.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Deutsche Welle», фотаздымак з «Тўітэру» Тэрысы Мэй

Стужка навінаў