У Вялікай Брытаніі камісія высвятляе, ці былі падставы для вайны ў Іраку

video

Ці мела права Вялікая Брытанія ваяваць у Іраку? На гэтае пытанне спрабавала адказаць незалежная камісія ў Вялікай Брытаніі. Узначаліў групу экспертаў ветэран дзяржаўнай службы сэр Джон Чылкат. Адмыслоўцы працавалі амаль 7 гадоў. Сёння апублікавалі адмысловы даклад, які складаецца з дванаццаці тамоў.

«Мы не сцвярджаем, што вайсковыя дзеянні былі незаконныя. Такую пастанову можа зрабіць міжнародны суд. Але мы прыйшлі да высновы, што абставіны, на падставе якіх Вялікая Брытанія мае права да вайсковых дзеянняў у Іраку, былі далёкія ад здавальняльных», – тлумачыць старшыня незалежнай камісіі Джон Чылкат.

Маўляў, не было дастатковых доказаў, што рэжым Садама Хусэйна вядзе вытворчасць зброі масавага знішчэння. Вайскоўцы, якія супрацоўнічалі з камісіяй, называлі асноўныя памылкі самой аперацыі: неабгрунтаваная самаўпэўненасць у паспяховасці кампаніі, неадпаведнае тэхнічнае забеспячэнне, слабыя веды пра краіну, у якой адбывалася вайна. Сярод галоўных хібаў называюць і адсутнасць плану дзеянняў пасля сканчэння вайны ў Іраку.

«Былога прэмʼера таксама папярэджвалі, што вайсковыя дзеянні павысяць узровень пагрозы інтарэсам Вялікай Брытаніі з боку «Аль-Каіды». Яго таксама папярэджвалі, што інтэрвенцыя можа прывесці да таго, што іракскія ўзбраенні апынуцца ў руках тэрарыстаў», – працягвае Джон Чылкат.

Вайна ў Іраку забрала жыцці 179 вайскоўцаў Вялікай Брытаніі. Сённяшняга дакладу асабліва чакалі семʼі загінулых. Яны спадзяюцца, публікацыя праўды – гэта толькі першы крок. Не першы год гучаць патрабаванні прыцягнуць да адказнасці тых, хто ўцягнуў краіну ў вайну. Найбольш крытыкуюць былога прэмʼер-міністра Тоўні Блэра.

«Мы спадзяемся, што доказы ў дакладзе дадуць дастатковыя падставы, каб асудзіць яго як вайсковага злачынцу», – выказваецца Пітэр Брырлі, бацька загінулага жаўнера.

Сам Тоўні Блэр ужо заявіў пра гатовасць адказаць за кожную памылку. Вайсковая аперацыя ў Іраку пачалася ў сакавіку 2003-га года. Афіцыйнаю мэтаю Міжнароднае кааліцыі на чале са Злучанымі Штатамі было зрынуць рэжым Садама Хусэйна і спыніць вытворчасць зброі масавага знішчэння. Паводле праваабарончых арганізацыяў, найбольш ад вайны, якая цягнулася да 2011-га года, пацярпелі мірныя жыхары. Гаворка вядзецца нават пра сотні тысячаў людзей, якія памерлі ад вайны.

Ян Бабіцкі, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары