У Воршы і Дуброўне судзяць актывістаў, якіх не пусцілі ў Менск на Дзень Волі


Мясцовыя сілавікі не дазволілі людзям трапіць на санкцыянаванае ўладамі «Свята Незалежнасці», прыдумляючы розныя нагоды для затрыманняў.

Гэтак, жыхарку Дуброўна і актывістку АГП Наталлю Стрэльчанка затрымалі прыблізна а 6-й раніцы 25 сакавіка, калі яна выходзіла з дому і збіралася ехаць у Менск на канцэрт.

Наталлю прывезлі ў суд а 10-й гадзіне на наступны дзень. Праз кепскае самаадчуванне, ёй выклікалі хуткую дапамогу і адпусцілі дадому, а паседжанне перанеслі на тры гадзіны. Але падчас суду сведкі-міліцыянты не змаглі даць уцямных паказанняў, у адваката паўстаў шэраг пытанняў да абвінавачвання і ў выніку суд перанеслі на пятніцу.

Па падліках сайту orsha.eu, каб не пусціць у Менск аршанскага актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўгена Анішчанку, спатрэбілася 15 міліцыянтаў. Анішчанку знялі з цягніка, калі той накіроўваўся ў Менск на святкаванне. У Талачыне яго вывелі з цягніка нібыта за тое, што ехаў нецвярозы, але пасля абвінавацілі ў парушэнні правілаў дарожнага руху – паводле міліцыянтаў, Анішчанка няправільна прыпаркаваў аўта. Яго аштрафавалі на 1 базавую велічыню (24, 5 рублёў). Актывіста адпусцілі, а пасля зноў затрымалі за тое, што ён не спыніўся перад знакам «Стоп» і хацелі яшчэ раз аштрафаваць, але той адмовіўся. Камісію для разгляду ягонай справы збяруць у чацвер 29 сакавіка.

Жыхар Барані Генадзь Шэпелеў прыехаў у Воршу, каб разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг ля помніку Уладзіміру Караткевічу. Спачатку міліцыянты проста перапісалі ягоныя дадзеныя, але раптам перадумалі і абвінавацілі ў парушэнні правілаў дарожнага руху. У выніку актывісту інкрымінавалі «несанкцыянаванае пікетаванне». Паводле артыкулу 23.34 КоАП яго чакае штраф або адміністратыўны арышт.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў