У Віцебску жонка забіла мужа за тое, што ён перапісваўся ў інтэрнэце з іншымі жанчынамі


У абласным цэнтры асудзілі 30-гадовую жанчыну, якая падчас сваркі зарэзала мужа.

Нагодай для сваркі з мужам, які быў на 5 гадоў старэйшы за жанчыну, стала рэўнасць. Апошняй кропляй сталі размовы мужа з іншымі жанчынамі ў інтэрнэце.

Муж працаваў у Расеі, жонка падазравала яго ў здрадах

У маладой сям’і, якая пражывае ў Віцебску ў мікрараёне Білева, часта здараліся канфлікты. Спачатку з-за грошай. Жанчына папракала мужа, што ягоных невысокіх заробкаў не хапае на ўтрыманне сямʼі. Мужчына знайшоў працу з добрым заробкам у Расеі, куды ездзіў на вахты. У сямʼі нарадзілася дзіця. А канфлікты працягваліся.

Жанчына стала падазраваць мужа ў здрадах. Яна лічыла, што той у Расеі завёў сабе палюбоўніцу. Муж адказваў узаемнасцю, таксама мяркуючы, жонка падчас ягонай адсутнасці «ходзіць налева».

«У 2011 годзе жанчына падчас сямейнай сваркі схапіла нож і ўдарыла ім мужа. Прычым падзеі разгортваліся на вачах у іх чатырохгадовай дачкі. Мужчына атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, але жыццёва важныя органы не былі закранутыя. Нападніцу асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову», – распавёў пракурор аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Антон Гарохаў

Прыйшла дадому пасле саўны і пабачыла перапіску мужа ў інтэрнэце

Але нават пасля гэтага ў адносінах мужа і жонкі нічога не змянілася.

«У адзін з красавіцкіх дзён 2017 жанчына з мужам з раніцы распівалі спіртныя напоі. Днём да банкету далучыліся суседзі. Вечарам уся кампанія вырашыла працягнуць адпачынак у саўне. Але муж жанчыны адмовіўся туды ісці. Ён сказаў, што хоча пабыць з дачкой. Калі абвінавачаная прыйшла позна ўначы дадому, яна заспела мужа за кампʼютарам. Убачыла, што ён перапісваўся ў інтэрнэце з іншымі жанчынамі. Стала прадʼяўляць мужу абвінавачванні з нагоды віртуальных і рэальных здрадаў. Той адмаўляў сваю віну. Тады жонка схапіла нож і моцна ўдарыла мужчыну ў грудную клетку. Ён упаў на спіну, змоўк і перастаў варушыцца», – распавядае Антон Гарохаў.

Нападніца памацала пульс мужа. Зразумеўшы, што ён мёртвы, жанчына пайшла да суседзяў і паведаміла ім пра тое, што адбылося. Праваахоўнікам, якія прыбылі на месца здарэння, жанчына прызналася, што раней «ужо адзін раз рэзала мужа, але не дарэзала».

За забойства суд пакараў жанчыну на 12 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Бізнес-партал Віцебску

Стужка навінаў