У Віцебску забаранілі мітынг 25 сакавіка. На чарзе рашэнне наконт Менску


Адмову ў заяўцы на правядзенне мітынгу Дня Волі ад адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску атрымаў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

«Мы хацелі павіншаваць віцяблянаў з угодкамі БНР падчас мітынгу, які плянаваўся з 14-й да 16-й гадзіны. І атрымалі ўжо звыклую забарону. Ужо 8 гадоў мясцовыя ўлады не дазваляюць актывістам аніякіх масавых імпрэзаў, спасылаючыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 года. У гэтым рашэнні № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску» сфармуляваны невыканальныя для заяўнікаў умовыкаб да заяўкі на акцыю прыкладаць папярэдне заключаныя дамовы на абслугоўваньне імпрэзы з гарадской паліклінікай, прадпрыемствам ЖКГ і абласным міліцэйскім упраўленнем. Аднак гэтыя службы, апрача хіба што камунальнікаў, ад папярэдніх дамоваў ухіляюцца. Мэдыкі адмаўляюцца ў прынцыпе, спасылаючыся на загружанасьць, а міліцыя абяцае разгледзець пытанне, калі будзе атрыманы дазвол ад уладаў», – распавёў актывіст «Свабодзе».

Віцебскія ўлады днямі вырашылі нагадаць, што ў горадзе вызначаны тры месцы для правядзення масавых акцыяў, якія яны пералічылі на сайце гарвыканкаму. У спісе пазначаныя аддаленыя ад цэнтру паркі, у тым ліку і Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе не дазволілі правесьці мітынг актывістам КХП БНФ. Пра умовы атрымання дазволу віцебскія ўлады не згадалі.

А 17:00 вырашыцца лёс Дня Волі ў Менску

20 сакавіка а 17:00 заяўнікаў шэсця на Дзень Волі выклікаюць у Менгарвыканакам, каб паведаміць, ці дазваляюць гарадскія ўлады акцыю.

Арганізатары просяць дазволу на акцыю 25 сакавіка ў наступным фармаце: збор удзельнікаў а 14:00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсце праспектам Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Мітынгу не плануецца, каб не даць уладам падстаў адправіць шэсце на плошчу Бангалор.

Мікалай Статкевіч, які не ўваходзіць у аргкамітэт Дня Волі, але таксама заклікае на акцыю, заявіў, што гатовы ўзначаліць шэсце і павядзе людзей да плошчы Незалежнасці.

ДР belsat.eu паводле svaboda.org

Стужка навінаў