У Віцебску за незалежнае назіранне звольнілі 77-гадовую актывістку

video

Выклік у міліцыю ды нават… звальненне з працы за незалежнае назіранне за выбарамі. У Віцебску сябры партыі БНФ Людміле Церашонкавай, якая была назіральніцай на адным з выбарчых участкаў гораду, не працягнулі кантракту. Жанчына лічыць сваё звальненне палітычна матываваным.

Маладая душою і сэрцам спадарыня Людміла, нягледзячы на свае 77 гадоў, ужо неаднаразова брала ўдзел у назіранні за выбарамі. Вось і сёлета жанчына зафіксавала шэраг парушэнняў падчас галасавання. Цяпер адміністрацыя дзіцяча-спартовай школы алімпійскага рэзерву, дзе Людміла Церашонкава працавала дворнікам, не працягнула з ёю працоўнага кантракту.

ЛЮДМІЛА ЦЕРАШОНКАВА, НЕЗАЛЕЖНАЯ НАЗІРАЛЬНІЦА:

«Яны не сказалі, што за палітыку. Мяне папярэдзілі. Кажуць, па эканамічным пытаннях, бо, маўляў, не хапае грошаў для аплаты».

Але самая незалежная назіральніца звязвае сваё звальненне наўпрост з палітычнаю дзейнасцю. Бо калектыў і адміністрацыя школы на ейную працу ніколі не наракалі. Цяпер жа абавязак спадарыні Людмілы прыбіраць тэрыторыю школы выконвае ейны муж – для аплачвання працы адміністрацыя знайшла неабходныя рэсурсы.

ГАЛІНА МАГУЧАЯ, СЯБРА ПАРТЫІ БНФ:

«Вы паглядзіце на тых, хто хтосьці дзесьці нешта сказаў. Усё, ён на працу не зможа ўладкавацца. Усе апазіцыянеры беспрацоўныя, іх нікуды не бяруць на працу. Так, крыху перабіваюцца».

Праваабаронцы тлумачаць: лічыць сваё звальненне з тых ці іншых прычынаў можна так, як сам працаўнік лічыць патрэбным. Іншая рэч – айчыннае заканадаўства, якое часам дазваляе прыкрыць свавольства вертыкальнікаў.

ЛЕАНІД СВЕЦІК, ПРАВААБАРОНЦА:

«З боку нанімальніка там парушэнняў не было. Бо нанімальнік, калі скочваецца кантракт, мае права без усялякіх тлумачэнняў проста гэты кантракт не працягнуць. Таму лічу, што парушэнне яе працоўных правоў не было».

Людміла Церашонкава ўжо скіравала дзве скаргі наконт свайго звальнення – адну ва ўпраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму, другую – у аналагічную структуру гарадской адміністрацыі.

ЛЮДМІЛА ЦЕРАШОНКАВА, НЕЗАЛЕЖНАЯ НАЗІРАЛЬНІЦА:

«Не трэба маўчаць. Трэба казаць, выкрываць недахопы. Трэба бароцца за будучыню дзяцей. У мяне пытаюцца – а чаму вы такая актыўная? А я адказваю – каб вам жылося лепей».

Ціск на незалежных назіральнікаў сёлета фіксавалі ўжо неаднаразова. Гэтак, у Барысаве з Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва звольнілі прадстаўніцу «Права выбару-2015» Таццяну Шаўчэнкаву. Яшчэ трох назіральнікаў з Меншчыны, у тым ліку сябра руху «За свабоду» Віталя Амяльковіча і маладзечанскага актывіста Валянціна Цішко, якія скіравалі скаргі ў пракуратуру з фактамі парушэнняў падчас выбараў, выклікалі на размову ў міліцыю.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары