У Віцебску пачаўся суд па справе аб гібелі дзіцяці пасля хатніх родаў


Справу разглядае суд Чыгуначнага раёну. Абвінавачаная – 31-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбургу Вольга Сцяпанава.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме, журналістаў і старонніх папрасілі пакінуць залю. Пракурор і пацярпелая – прадстаўніца органаў апекі Аліпава – выказаліся за закрыты працэс, Вольга і ейныя адвакаткі – за адкрыты.

«Тут закранутыя толькі мае інтарэсы, мне няма чаго хаваць», – сказала яна.

Суддзя падтрымаў пракурора.

Таксама суддзя прыняў хадайніцтва адвакатак падсуднай і прызнаў пацярпелым па справе мужа Вольгі Алега Сцяпанава.

Муж заступіўся за жонку. На судзе ён сказаў, што роды былі імклівыя, і сітуацыя аказалася непрадказальная. Алег Сцяпанаў сказаў, што яна рэгулярна праходзіла агляды дактароў, а 19 лютага яна збіралася ў радзільню.

Пасля перапынку апытваюць сведкаў. Адвкаткі і сваякі адмовіліся ад каментароў для СМІ.

Жанчыну вінавацяць у «прычыненні смерці па неасцярожнасці». Паводле інфармацыі УСК па Віцебскай вобласці, Вольга планавала хатнія роды і не перадухіліла магчымыя негатыўныя наступствы. 31-гадовую жанчыну могуць могуць прысудзіць папраўчыя працы тэрмінам да 2 гадоў або да абмежавання ці пазбаўлення волі да 3 гадоў.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды. Жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільным доме або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.

Трагічнае здарэнне адбылося ў лютым 2017 года. Вольга прыехала ў Віцебск з Санкт-Пецярбурга да маці, каб нарадзіць дзіця. Яна адмаўлялася ад шпіталізацыі, бо нараджала першую дачку таксама ўдома. Другая дзяўчынка мела праблемы з дыханнем, наглыталася каляплодных водаў. Медыкі з «хуткай» і дактары ў шпіталі не змаглі выратаваць дзіця.

Больш пра гісторыю чытайце ў нашым матэрыяле: Жанчына нарадзіла ў кватэры. Дзіця памерла ў больніцы. Маці знаходзіцца ў СІЗА 

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары