У Віцебску могуць паставіць помнік княгіне Вользе, якая «заснавала горад»… пасля сваёй смерці


У 1970-я гады ўлады вырашылі, што трэба зрабіць нейкі юбілей, каб з саюзнага бюджэту павалілі грошы ў Віцебск, кажа гісторык Ігар Цішкін

За легенду, якую выдумалі савецкія функцыянеры, віцебскія чыноўнікі гатовыя заплаціць некалькі мільёнаў з кішэні падаткаплацельшчыка.

Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка абвесціла тэндэр на капітальны рамонт вуліцы Леніна з прылеглай тэрыторыяй. У дакументах гаворыцца, што запланаванае добраўпарадкаванне тэрыторыі для размяшчэння помніка княгіні Вользе, хоць дакладнага месца не пазначана.

Падрыхтоўка месца для ўстаноўкі помніка, паводле дакументацыі тэндэру, абыдзецца падаткаплацельшчыкам у Br 1 154 546. Колькі яшчэ спатрэбіцца грошаў на ўласна помнік – пакуль невядома. Але да прыкладу, стварэнне і ўсталяванне скульптуры Аляксандра Неўскага з жонкай і сынам абышлася гораду ў 339 617 рублёў 35 капеек. Крыху менш каштаваў помнік князю Альгерду.

Супраць усталявання помніку княгіні Вольгі выступаюць прадстаўнікі грамадскасці. І грошы – не адзіная прычына пратэсту.

Легенду пра княгіню Вольгу, якая заснавала Віцебск, прыдумалі камуністы

Як нарадзілася легенда заснавання Віцебску княгіняй Вольгай распавёў археолаг і гісторык Ігар Цішкін:

«Пісьмовых доказаў пра гэта няма. І Вольга, і дата, ад якой лічыцца ўзрост гораду – 974 – факты, «прыцягнутыя за вушы». Зроблена гэта было ў 70-ыя гады.

Гарадское кіраўніцтва паехала ў Маскву ў ЦК КПСС прасіць грошы на аднаўленне інфраструктуры і на прадпрыемствы, бо Віцебск на той час быў ледзь ні самы занядбаны сярод гарадоў Беларусі.

Наколькі мне вядома, сустракаліся з «шэрым кардыналам» Суславым, які запытаў у лоб: а колькі Віцебску гадоў?

І тады вырашылі, што трэба зрабіць нейкі юбілей, каб з саюзнага бюджэту павалілі грошы ў Віцебск.

Партыя і савецкае кіраўніцтва далі заданне свяцілам маскоўскай гістарычнай навукі акадэміку Рыбакову і доктару Аляксееву абгрунтаваць 1000-годзе Віцебску. Яны заданне выканалі: маўляў, княгіня Вольга заснавала Віцебск у 974 годзе.

Ды такім чынам, быццам бы летапісец, які перапісваў старажытныя акты і летапісы ў ХVIII стагоддзі, перавёў летазлічэнне ад стварэння свету на летазлічэнне ад Раства Хрыстова, атрымаў дакладную лічбу 947. Але, відаць пасля шклянкі добрага віна ды пры лучыне рука дрыганула і ён пераблытаў месцамі лічбы 4 і 7 – так і атрымалася 974, год заснавання Віцебску».

Паводле першапачатковага праекту помніка, Вольга павінная была плыць на чоўне з трыма ваярамі. Ззаду яе сядзяць тры воіна. Падчас разгляду праекту мастацкай радай Мінкульту чыноўнікі заўважылі, што ў такім выглядзе манумент практычна цалкам капіюе кіеўскі помнік Лыбедзі і яе братам Кію, Шчаку і Харыва. У выніку Вользе давялося перасесці ў цэнтр ладдзі. Фота – Сяржук Серабро/Народныя навіны Віцебска

Гісторык упэўнены, што нават калі кіеўская княгіня Вольга і была на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны, то горад яна не засноўвала.

«Што значыць «заснаваць Віцебск»? Яна прыехала з Кіева, сагнала мужыкоў, якія хаваліся па балотах і лясах, і сказала: «Так, капайце сабе зямлянкі, зараз будзем гарод гарадзіць і вы тут будзеце жыць? – абураецца археолаг. – Як і старажытны Полацк, Віцебск заснаваны крывічамі.Няма канкрэтнай гістарычнай асобы. Людзі, нейкі род, племя, якое асела тут і пачало разрастацца – з гэтага і ўтвараліся нашыя гарады, ніхто канкрэтна іх не засноўваў, як, скажам, у ХVIII стагоддзі, калі была нейкая неабходнасць і хтосьці закладаў на стратэгічных кропках крэпасці».

Адмысловец сцвярджае, што гісторыя пра Віцебск і Вольгу – усяго толькі легенда. А таму помнік Вользе можа быць, але хутчэй у якасці паркавай скульптуры.

Вольга спачатку памерла, а потым заснавала Віцебск

«З пісьмовых крыніцах вядома, што Вольга памерла ў 968 годзе і праз 6 год яна не магла ўжо заснаваць Віцебск. Вось такая маленькая недарэчнасць. У савецкія часы, фактычна як і цяпер у Беларусі, вельмі адвольна ставяцца да датаў, да гісторыі: ну стагоддзе туды, стагоддзе сюды», – зазначыў гісторык.

Адмысловец мяркуе, што помнік Вользе можа быць – «у якасці паркавай скульптуры»

Ігар Цішкін мяркуе, што мясцовыя начальнікі «прагінаюцца» пад ціскам адэптаў «рускага свету»:

«Ім карціць, і ўсё. І што б ты ім не даказваў, была тут Вольга ці не была, святая яна, раўнаапостальная ці не – ім трэба і ўсё. Яны не зважаюць ні на якія гістарычныя факты, ні на логіку, ім трэба паказаць, што тут «ісконно русская православная земля».

«Помнік будзе прывабліваць турыстаў»

Андрэй Бялецкі, галоўны спецыяліст аддзелу ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкаму патлумачыў неабходнасць усталявання помніка: «Ёсць віцебскія летапісы, якія былі напісаны гараджанамі Панцырным і Аверкам, у якіх ёсць звесткі, што горад Віцебск заснавала княгіня Вольга. Гэта сумнеўны, спрэчны гістарычны факт, але, як легенда, пацвярджаецца шматлікімі крыніцамі VIII і ХІХ стагоддзяў».

У сваю чаргу, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Сяргей Саглаеў упэўнены, што помнік Вользе павялічыць цікаўнасць турыстаў да гораду.

Крысціна Авакумава

Стужка навінаў