У Віцебску ДАІ і мясцовая газета будуць разам змагацца з парушальнікамі


Новы праект віцебскай аўтаінспекцыі называецца «Народны патруль». Да яго рэалізацыі праваахоўнікі заклікаюць далучыцца ўсіх ахвочых, «каму надакучыла, што некаторыя паркуюць на тратуары альбо паблізу пешаходных пераходаў ды парушаюць ПДД».

Наводзіць парадак будуць праз электронную пошту і паведамленні ў сацыяльных сетках. Аўтары праекту абяцаюць, што пасля праверкі фактаў парушальніка могуць пакараць, а праблемныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй бяспечнага дарожнага руху, вырашаць у самыя кароткія тэрміны. Неўзабаве мае з’явіцца першы рэпартаж з сумеснага рэйда.

Інаватар Аляксандр Ластоўскі

Віцебскія інспектары не першыя, хто ў гэткі спосаб прыдумалі выяўляць хуліганаў на дарозе.

Падобную інтэрнэт-ініцыятыву пад назвай «Перахоп» яшчэ ў 2012 годзе прыдумаў прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Пра эфектыўнасць #перахопу казаць цяжка, бо праект неафіцыйны, і статыстыкі па ім няма. Аднак яшчэ 4 гады таму праз 2,5 месяцы ад пачатку праекту сталічныя праваахоўнікі хваліліся, што кожны пяты правапарушальнік, зафіксаваны «перахопнікамі», прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, а да праекту далучыліся Гомель, Магілёў, Полацк ды шэраг іншых гарадоў.

У «Перахопу» нават ёсць свой канал у мэсэнджэры Telegram.

Адваротны бок праблемы

Вядома, дрэннымі бываюць не толькі кіроўцы. У Беларусі ўжо некалькі гадоў дзеюць ініцыятывы, мэта якіх – рэфармаваць ДАІ. Аўтамабілісты ловяць інспектараў на няведанні закону і нават наўпроставым парушэнні законаў ды правілаў дарожнага руху. Напрыклад, ДАІшнікі часта нервова рэагуюць на бел-чырвона-белую сімволіку на аўтах.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў