У Вільні не сціхаюць спрэчкі наконт савецкіх скульптураў, якія дэмантавалі паўгода таму


Скульптуры трэба вяртаць назад альбо пазбаўляць статуса культурнай спадчыны, кажа старшыня літоўскай Дзяржаўнай камісіі па пытаннях культурнай спадчыны.



У нядаўнім інтэрвʼю газеце «Lietuvos zinios» старшыня камісіі Эвэліна Каралявічыене заявіла, што дэмантаваныя з віленскага Зялёнага моста скульптуры па-ранейшаму зʼяўляюцца абʼектамі культурнай спадчыны, якія ахоўвае дзяржава.

«У адпаведнасці з дзеючымі прававымі актамі, іх трэба прывесці ў парадак і вярнуць на месца», – адзначыла Эвэліна Каралявічыене.

І назвала іншы варыянт – пазбавіць скульптуры статуса культурнай спадчыны. Такое рашэнне можа прыняць толькі дзеючая пры Дэпартаменце па пытаннях культурнай спадчыны рада па ацэначнай дзейнасці, яе рашэнне мусіць зацвердзіць міністр культуры.

У бліжэйшай будучыні Эвэліна Каралявічыене плануе абмеркаваць лёс савецкіх скульптураў з мэрам Вільні Рэмігіюсам Шымашусам.

Мэр на мінулым тыдні таксама выказаўся наконт савецкіх скульптураў, заявіўшы, што вяртаць на Зялёны мост іх не плануюць. Усталёўваць нейкія іншыя таксама не плануецца.

Савецкія скульптуры былі знятыя з Зялёнага мосту для рэстаўрацыі ў ліпені мінулага года. Чатыры скульптурныя кампазіцыі жаўнераў, працоўных, сялянаў і студэнтаў былі ўсталяваныя яшчэ ў 1952-м годзе. Прыхільнікі дэмантажу сцвярджалі, што скульптуры зʼяўляюцца часткай савецкай прапаганды і абражаюць людзей, што змагаліся за вызваленне Літвы ад савецкай акупацыі. Некаторыя ж у сваю чаргу меркавалі, што скульптуры зʼяўляюцца неадʼемнай часткай моста, вінавацяць улады ў палітыканстве і звядзенні гістарычных рахункаў.

Паводле Рэмігіюса Шымашуса, савецкія скульптуры будуць захоўвацца на муніцыпальнай пляцоўцы.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi

Стужка навінаў