У Вільні адбыўся канцэрт «За нашу і вашу свабоду» пры ўдзеле вядомых беларусаў


Песня Джамалы, якая фактычна стала сімвалам памяці аб прыгнечаным народзе, гучала ў літоўскай сталіцы – на знак салідарнасці з народам блізкага лёсу.

Канцэрт «За нашу і вашу свабоду» на Кафедральнай плошчы ў Вільні прымеркаваны да Дня смутку і надзеі. Штогод 14 чэрвеня Літва згадвае ахвяраў масавай дэпартацыі ў Сібір, здзейсненай савецкімі ўладамі.

«Знішчылі ўсе дасягненні свабоднай краіны, якія былі ў Літве з 1918 па 1940 год. Гэты была паспяховая краіна, але яе адкінулі ў сярэднявечча», – мяркуе арганізатар канцэрту Эмануэліс Зінгерыс.

Цягам тыдня ў чэрвені 1941 года з краіны вывезлі 30 тысяч літоўцаў. Ад той дэпартацыі пацярпелі і жыхары Латвіі, Эстоніі, Малдовы і Заходніх Украіны ды Беларусі. Адзіная гісторыя, адзіны боль яднаюць нашыя народы. Пра гэта гаварылі госці ўрачыстасці: першыя кіраўнікі незалежных Беларусі ды Украіны.

«Я хачу павіншаваць літоўскі народ, гэты нешматлікі народ, вялікі народ, ён змог дамагчыся свабоды, ён паказаў нам прыклад, куды трэба ісці», – прамовіў Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Акрамя літоўскага, беларусам варта аналізаваць і ўкраінскі досвед, мяркуе Леанід Краўчук.

«Прыклад Украіны, яе барацьба за свабоду, незалежнасць і дэмакратыю, за еўрапейскі курс, ахвяры, якія прыносіць Украіна – я мяркую, што гэты прыклад вельмі важны для Беларусі», – зазначыў Леанід Краўчук, першы прэзідэнт незалежнай Украіны.

У гэты вечар на сцэне «за свабоду» спяваў і Лявон Вольскі, зорка беларускай незалежнай рок-музыкі.

І хаця ў XXI стагоддзі народы Літвы, Беларусі, Украіны жывуць ва ўласных дзяржавах, уціск карэнных народаў на прасторах былой савецкай імперыі не сышоў у мінулае.

«Ёсць ціск на крымскіх татараў, забаранілі Меджліс, забараняюць мітынг 18 траўня, у дзень дэпартацыі, то бок тыя заявы крымскіх уладаў – яны не выконваюцца», – распавядае Джамала, украінская спявачка, якая перамагла на «Еўрабачанні-2016».

А значыць, змаганне за чалавечую годнасць і правы працягваецца. У тым ліку і змаганне праз музыку.

Таццяна Рэут, Белсат, фота – 15minut.org

Стужка навінаў