У Венесуэле задушылі спробу ваеннага перавароту


Бунт пад назвай «Аперацыя Давід» адбыўся ў вайсковай частцы ў горадзе Валенсія, што на поўначы Венесуэлы. У нядзелю раніцаю дваццаць асобаў на чале з былым капітанам Хуанам Кагўарыпана захапілі вайсковую базу і абвесцілі, што пераходзяць на бок пратэстоўцаў.

«Гэта ніякі не пераварот. Гэта цывільная і ваенная акцыя, накіраваная на аднаўленне канстытуцыйнага парадку, а таксама на захаванне краіны ад суцэльнага разбурэння, на спыненне забойстваў моладзі і нашых блізкіх. Як чальцы арміі мы прызнаем і шануем парламент, але мы дамагаемся, каб воля народу, які хоча пазбавіцца ад тыраніі, была прызнаная», – заявіў лідар узброенага паўстання Хуан Кагўарыпана.

Улады: На вайсковую базу адбылася тэрарыстычная атака

Бунт задушылі сілы, верныя прэзідэнту: 8 удзельнікаў паўстання арыштавалі, дваіх – застрэлілі. Дзесяці чалавекам удалося ўцячы. Прэзідэнт краіны падчас выступу на тэлебачанні, пахваліў верныя сабе службы і адзначыў, што бачыць у паўстанні амерыканскі след.

У Венесуэле ўжо шосты месяц ідуць пратэсты супраць дзейнага прэзідэнта. Падчас сутыкненняў з паліцыяй загінула як мінімум больш за 127 чалавек.

Пратэсты былі выкліканыя палітыкай прэзідэнта

На думку апазіцыі, курс Мадура – прычына эканамічнага заняпаду. Краіну, якая займае першае месца ў свеце паводле колькасці запасаў нафты, ахапіў крызіс – інфляцыя вылічваецца ў тысячах адсоткаў на год.

«Яны нас забіваюць. Мы тут паміраем з голаду. Як доўга гэта яшчэ будзе цягнуцца, як доўга? Мы больш не можам!».

«Мне вельмі сумна, я раззлаваная, але ў той жа час моцная. Веру, што Венесуэла выкарабкаецца з гэтай сітуацыі».

– кажуць пратэстоўцы на вуліцах Валенсіі.

Парламент Венесуэлы кантралюе апазіцыя

Напрыканцы ліпеня Нікаляс Мадура вырашыў змяніць асноўны закон краіны і правёў выбары ў Канстытуцыйную асамблею. Прэзідэнт заявіў, што такім чынам у краіне ўсталюецца мір. Апазіцыя ж выбараў не прызнала і абвінавачвае прэзідэнта ў спробе захопу ўлады.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Стужка навінаў