У Венесуэле будынак Вярхоўнага суду абстралялі з верталёту


Будынак Вярхоўнага суду Венесуэлы ў Каракасе абстралялі з верталёту. Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура назваў здарэнне тэрарыстычным нападам, паведамляе Бі-бі-сі.

Інцыдэнт з абстрэлам Вярхоўнага суда адбыўся, калі Мадура выступаў у жывым эфіры па дзяржаўным тэлебачанні.

Паведамляецца, што падчас абстрэлу ніхто не пацярпеў. Цяпер спецпадраздзялення сілавых структур шукаюць арганізатараў і ўдзельнікаў абстрэлу.

Верталёт належаў корпусу навуковых, крымінальных і крыміналістычных расследаванняў паліцыі Венесуэлы (CICPC), паведаміў міністр сувязі і інфармацыі Эрнэста Вільегас. «Адзін чалавек падняў зброю супраць рэспублікі. Ён выкраў верталёт і атакаваў Вярхоўны суд», – прыводзіць канал NTN 24 словы Вільегаса.

Па сацыяльных сетках разышліся фатаграфіі верталёта ў ліўрэі CICPC, з борта якога вывешаны плакат з надпісам «350. Libertad» («350. Свабода»). У артыкуле 350 канстытуцыі Венесуэлы гаворыцца пра магчымасць непрызнання грамадзянамі ўлады, калі ён парушае дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека.

Мясцовыя СМІ адзначаюць, што пілотам верталёта быў афіцэр CICPC Оскар Перэс. У сацыяльных сетках апублікавана ягоны відэазварот, дзе ён называе рэжым Мадуру злачынным і патрабуе адстаўкі прэзідэнта.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў