У Варшаве ўжо 60 гадоў рыхтуюць выкладчыкаў беларускай мовы


Дзверы Варшаўскага ўніверсітэту ўпершыню адчыніліся для студэнтаў-беларусістаў роўна 60 гадоў таму. Сёння беларуская мова гучыць ва ўніверсітэцкіх залах ды калідорах, а на падставе матэрыялаў «Белсату» тут пішацца навуковае даследаванне.

Хто выбірае беларускую мову ў Польшчы?

Аддзяленне беларускай філалогіі было створанае ў Варшаўскім універсітэце ў 1956 годзе, у часы палітычнай адлігі ў сацыялістычнай Польшчы, што было звязана з прыходам да ўлады новага лідара – Владыслава Гамулкі. Тады ў краіне зʼявілася магчымасць для свабоднай дзейнасці нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў, у асяроддзі якіх узнікла ідэя падняць выкладанне беларускай мовы і літаратуры на вышэйшы ўзровень – універсітэцкі. Гэтую ідэю рэалізавала прафесар славістыкі Варшаўскага ўніверсітэту Антаніна Абрэмбска-Яблоньска, якая і стала першай кіраўніцай беларускага аддзялення ў Варшаве. Праўда, студэнтаў у першым наборы было не так шмат – усяго каля дзясятка. Большасць з іх у тыя часы – гэта беларусы з Падляшша, якія паступалі ва ўніверсітэт пасля заканчэння ліцэяў з беларускай мовай выкладання, адзначыла цяперашняя загадчыца кафедры беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце, прафесар Ніна Баршчэўская.[/vc_column_text][vc_single_image image=”402397″ img_size=”large”][vc_column_text]Прафесар Ніна Баршчэўская ўзначальвае кафедру беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце[/vc_column_text][vc_column_text]Цяпер жа большасць студэнтаў беларускай філалогіі – гэта жыхары Варшавы і бліжэйшага наваколля, перадусім людзі, якія толькі ва ўніверсітэце ўпершыню маюць кантакт з беларускай мовай. Варшавякі пачалі пераважаць на аддзяленні беларускай філалогіі пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць.

«Пачынаючы з моманту ўзнікнення Беларусі як самастойнай дзяржавы, да нас пачало прыходзіць шмат моладзі, якая тлумачыла: ёсць незалежная дзяржава Беларусь, будуць патрэбныя перакладчыкі, будуць кантакты ў галіне эканомікі, бізнесу, літаратуры, культуры і гэтак далей. Яны меркавалі, што хутка знойдуць працу», – падкрэсліла прафесар Баршчэўская.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”402373″ img_size=”large”][vc_column_text]Выкладчыкі і студэнты аддзялення беларускай філалогіі[/vc_column_text][vc_column_text]

Сітуацыя застаецца няпэўнай

З часам аднак сітуацыя змянілася – у навучэнцаў знік энтузіязм, калі ў Беларусі ў якасці другой дзяржаўнай мовы зацвердзілі расейскую. Выкладчыкі, каб прывабіць студэнтаў, пастанавілі ўвесці на беларускім аддзяленні дадатковае вывучэнне расейскай і ангельскай моваў. Пасля заканчэння ўніверсітэту выдаецца дыплом, які пацвярджае веданне ўсіх трох моваў. «У сённяшнім свеце ведаць адну мову – гэта замала», – падкрэсліла прафесар Ніна Баршчэўская.

Цяпер жа ўсіх студэнтаў аддзялення беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце – 68 чалавек, з якіх 48 вучацца на першым курсе. «Але на заняткі ходзіць толькі траціна з іх. Некаторыя паступілі, каб атрымаць студэнцкі білет і мець адпаведныя льготы. Такая сітуацыя складаецца ўжо не першы год», – заўважыла прафесар.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”402381″ img_size=”large”][vc_column_text]Беларускі куток на калідоры Варшаўскага ўніверсітэту[/vc_column_text][vc_column_text]Увогуле адсутнічае сёлета ў Варшаўскім універсітэце 4-ты курс беларускай філалогіі, бо мясцовыя студэнты пасля трох гадоў навучання не паспелі абараніць бакалаўрскіх працаў ды падаць дакументаў на наступны курс. Студэнтаў, якія паступалі на 4-ты курс з іншых вучэльняў, не хапіла, каб сфармаваць групу. Кафедра беларусістыкі аднак атрымала згоду ўладаў універсітэту, каб правесці набор на 4-ты курс у лютым 2017 года.

«Гэтая сітуацыя, аднак, няпэўная. Яна стварае небяспеку, што, магчыма, праз год не будзе ні 4-га, ні 5-га курсаў (1-га і 2-га курсаў магістарскай праграмы), а ў нашым універсітэце будзе толькі бакалаўрская праграма для беларусістаў. Зразумела, такога б не хацелася, будзем рабіць усё магчымае, каб моладзь прыходзіла. Я разумею прычыны: адна – гэта дэмаграфічны спад, другая – слабое выкарыстанне беларускай мовы ў Беларусі», – заўважыла спадарыня Баршчэўская.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”402413″ img_size=”large”][vc_column_text]Рэцэпты беларускіх страваў у Варшаўскім універсітэце[/vc_column_text][vc_column_text]

Новае аддзяленне, дзе будуць выкладаць беларускую мову

Загадчыца кафедры падкрэсліла, што цяпер дапрацоўваецца неабходная дакументацыя дзеля адкрыцця новага аддзялення, – культуразнаўства краін Усходняй Еўропы, дзе будзе таксама выкладацца беларуская мова і будзе прэзентавацца беларуская культура. «Гэта супольны праект беларускай, украінскай і расейскай філалогій ды кафедры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Будзем спадзявацца, што калі не ў 2018-м, то ў 2019-м студэнты змогуць паступаць на новае аддзяленне», – сказала навукоўка.

Паводле яе, цяперашнія студэнты беларусістыкі – надзвычай актыўныя і рознабаковыя людзі. Некаторыя з іх бяруць удзел у арганізацыі фестывалю беларускай музыкі «Басовішча» на Падляшшы, падтрымліваюць ініцыятыву «Вольная Беларусь», маюць сваё навуковае кола «Albaruthenica», ладзяць студэнцкія канферэнцыі, падарожнічаюць па Беларусі, самастойна даследуюць беларускія дыялекты і гэтак далей.

«Хоць у нас няшмат студэнтаў, але ёсць сярод іх сапраўдныя пярлінкі, якія дадаюць нам аптымізму і натхнення на працу. Відаць, што яны прыйшлі сюды мэтанакіравана, ім гэта цікава», – заўважыла прафесар.

Яна дадала, што, да прыкладу, адна са студэнтак 5-га курсу піша магістарскую працу на падставе матэрыялаў «Белсату». Маладая даследчыца вывучае прагматыку маўлення і дзеля сваіх даследаванняў праслухоўвала размовы журналістаў незалежнага тэлеканалу з беларускамоўнымі людзьмі, каб апісаць, якімі шляхамі перадаецца адмаўленне ў жывой гаворцы.[/vc_column_text][vc_single_image image=”402405″ img_size=”large”][vc_column_text]Пагоня ў Варшаўскім універсітэце[/vc_column_text][vc_column_text]

Нацыянальная палітыка – найлепшая дапамога беларусістыцы

«Нашыя выпускнікі працуюць у розных галінах культуры, адукацыі, журналістыкі, навукі ды эканомікі, дзе выкарыстоўваюць беларускую мову. Шмат хто працуе таксама ў сферах, ніяк не звязаных з беларусістыкай. Але нам вельмі прыемна, калі выпускнікі прыходзяць да нас, распавядаюць пра свае дасягненні, адчуваюць такую сувязь з кафедрай. Хацелася б, каб гэтак працягвалася і ў наступныя гады», – падкрэсліла прафесар Баршчэўская.

Улады Беларусі звяртаюць увагу на аддзяленне беларускай філалогіі ў Варшаве пры нагодзе юбілеяў, высылаючы ганаровыя граматы. Адну з граматаў кафедра атрымала з Беларусі за штогадовую арганізацыю алімпіяды беларускай мовы ў Польшчы. «Мы маем падтрымку, калі гаварыць пра падручнікі. Іх мы атрымліваем дзякуючы нашай супрацы з канкрэтнымі ўстановамі. Некаторыя фільмы ды запісы музыкі нам перадае Культурны цэнтр Беларусі, які дзейнічае пры пры беларускай амбасадзе ў Варшаве. Два разы мы ўжо рэалізавалі з Цэнтрам праект «Культура ў панараме». Імпрэза адбылася ва ўніверсітэце, але пры фінансавым падтрыманні Цэнтру. Нашыя студэнты, напрыклад, пры рэалізацыі праекту ўключыліся ў пераклад «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч на польскую мову. Быў паказаны фільм, дзе надпісы на польскай мове таксама падрыхтавалі нашыя студэнты», – падкрэсліла навукоўка.

Паводле загадчыцы кафедры, найвялікшай дапамогай для аддзялення беларускай філалогіі з боку ўладаў Беларусі было б пашырэнне беларускай мовы ў краіне, спрыянне ёй і рух у бок нацыянальнай дзяржавы. «Гэта было б для нас самым вялікім падтрыманнем, бо нашыя студэнты бачылі б большую патрэбу ў вывучэнні беларускай мовы. І спадзяюся, што тады зноў адрадзілася б жаданне знаёміцца з беларускай мовай, літаратурай, культурай», – сказала спадарыня Баршчэўская.[/vc_column_text][vc_single_image image=”402409″ img_size=”large”][vc_column_text]Беларуская паэтка Анхэля Эспіноса Руіс, якая вывучае беларускую філалогію ў Варшаве[/vc_column_text][vc_column_text]

Студэнты: некаторыя трапілі выпадкова, але не шкадуюць

На 5-м курсе беларускай філалогіі ў Варшаве вучыцца паэтка Анхэля Эспіноса Руіс, якая паходзіць з Іспаніі. Бакалаўрыят у галіне славістыкі яна закончыла ў Гранадзе, а на магістарскую праграму паэтка адмыслова выправілася ў Польшчу.

«Мне падабаецца Варшава, дзе квітнее культурнае жыццё, студэнту тут вельмі цікава і прыемна. У Варшаве даволі шмат беларускіх імпрэзаў, канцэртаў, працуюць розныя беларускія арганізацыі. Да таго ж самі прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары падкрэсліваюць, што ў Варшаве статыстычна большы працэнт беларускамоўных беларусаў, чымся нават у Менску. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але так кажуць. Я задаволеная кафедрай беларусістыкі, і я бачу магчымасці», – адзначыла Анхэля.

«Белсат» зняў рэпартаж пра Анхэлю Эспіносу Руіс:

Студэнтка 2-га курсу Караліна Баркоўская паходзіць з Варшавы ды падкрэслівае, што досыць выпадкова трапіла на аддзяленне беларускай філалогіі, але не шкадуе, што тут вучыцца: «Тут вельмі добры ўзровень. Мы вывучаем тры замежныя мовы адначасова – гэта вялікі плюс, прычым беларускую і расейскую мову нам выкладаюць людзі, для якіх гэтыя мовы родныя».[/vc_column_text][vc_single_image image=”402389″ img_size=”large”][vc_column_text]Студэнты беларускай філалогіі ў Варшаве[/vc_column_text][vc_column_text]Студэнтка Дагмара Таварэк з Радаму даведалася пра беларускую філалогію, калі вучылася яшчэ ў школе, ды пастанавіла адмыслова паступаць на гэтае аддзяленне. Яе прывабіла магчымасць вывучаць адразу тры мовы. «На іншых аддзяленнях такога няма. Пасля заканчэння ўніверсітэту планую стаць чыноўнікам, можа, пашукаю працу ў нейкім міністэрстве», – падкрэсліла Дагмара.

Студэнт 3-га курсу Мікалай Костшэнь у школе захапляўся расейскай мовай і хацеў працягваць яе вывучэнне ва ўніверсітэце, але разам з тым жадаў адкрыць для сябе нешта новае, напрыклад, беларушчыну. Ён вельмі задаволены ўзроўнем выкладання ўсіх трох моваў на беларускім аддзяленні, але ў той жа час наракае: «Тут ёсць некаторыя прадметы, напрыклад, геаграфія Расеі, якія не цяжкія, але, я лічу, не патрэбныя нам як філолагам».

Студэнт 1-га курсу Ян Дудзіньскі з Варшавы пакуль не гаворыць па-беларуску, але падкрэслівае, што ўсё разумее. «У нас шмат заняткаў, але добрыя і цікавыя выкладчыкі. Мой любімы прадмет – практычныя заняткі беларускай мовы, а мае любімыя беларускія словы – дошка і старонка. Яны мне вельмі падабаюцца на слых». Пасля заканчэння ўніверсітэту Ян плануе звязаць сваё жыццё з кінематаграфіяй. Ён дапускае, што ў будучыні можа здымаць фільмы і пра Беларусь.

Беларускую мову ў Варшаве вывучаюць таксама ў праваслаўнай духоўнай семінарыі. Чытайце на гэтую тэму:

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў