У Варшаве адкрылі помнік ахвярам смаленскай авіякатастрофы


10 красавіка 2018 года. Помнік ахвярам смаленскай катастрофы перад сімвалічным адкрыццём. Варшава, Польша. Фота – Крыстыян Май/Forum

Адкрыццё помніка адбылося ў восьмую гадавіну катастрофы ТУ-154 на аэрадроме Смаленск-Паўночны, у якой загінула польская ўрадавая дэлегацыя. Высокапасадоўцы, у тым ліку прэзідэнцкая пара, ляцелі на жалобныя мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны Катынскага расстрэлу.

Помнік – чорны абеліск, які нагадвае крыло самалёта або прыступкі ў неба. Аўтарам праекту ў выніку конкурсу стаў польскі мастак і скульптар Ежы Каліна, які ўжо стварыў помнік ахвярам расстрэлу ў Катыні 1940-га года ў польскай вёсцы Падкова Лесьна і гранітную каплічку ў Варшаве на знак памяці ахвяраў катынскага расстрэлу і смаленскай авіякатастрофы.

Увайсці на пляц Пілсудскага можна было толькі пасля кантролю бяспекі на некалькіх брамках. У выніку вакол плошчы ў чэргах сабралася некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек.

Помнік ахвярам смаленскай катастрофы за паўгадзіны да ўрачыстага адкрыцця

Угодкі смаленскай катастрофы. Пляц Пілсудскага ў Варшаве

На адкрыцці з прамовамі выступілі прэзідэнт Анджэй Дуда і старшыня партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі.

10 красавіка 2018 года. На пляцы Пілсудскага ў Варшаве адкрылі помнік ахвярам смаленскае авіякатастрофы. Фота – Kacper Pempel/Reuters

Адразу пасля адкрыцця помніку ахвяраў катастрофы побач адкрылі камень на месцы, дзе плануюць паставіць помнік Леха Качыньскага. Пасля гэтага распачаўся канцэрт.

Пазней у галоўнай каталіцкай святыні Варшавы – Саборы Святога Яна Хрысціцеля – адбылася імша ў гонар загінулых. Урачыстасці побач з новаадкрытым помнікам працягнуцца да позняга вечару.

У авіякатастрофе пад Смаленскам у красавіку 2010 года загінула 96 чалавек – палітыкі, у тым ліку прэзідэнт Лех Качыньскі з жонкай, вайсковае камандаванне краіны, грамадскія і рэлігійныя дзеячы Польшчы.

Архіўнае выданне «Аб’ектыву» 10 красавіка 2010 года.

Тэкст і фота – Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў