У варшаўскім дзіцячым садку з'явіцца беларускамоўная група


Бацькі-беларусы ствараюць для сваіх дзетак беларускамоўнае асяроддзе ў Варшаве.

8 лютага адбылася сустрэча зацікаўленых. Прысяжная перакладчыца Марыя Луцэвіч-Напалкава, якая зʼяўляецца адной з ініцыятарак стварэння групы, распавядае пра вынікі ўчорашняй сустрэчы:

«Сабралі дзетак і іхных бацькоў, зрабілі ўступны спіс, прыкінулі, ці хопіць дзетак і на дашкольную групу і на школьную. Паводле закону, павінна быць мінімум трое дзяцей для стварэння групы, і ўжо выйшла, што атрымліваецца і адна група, і другая. Жадаючых нават больш, там ужо каля дзесяці дзетак ёсць і ў адной і ў другой групе».

Ініцыятыва стварэння беларускамоўнай групы звязаная з рэалізацыяй правоў нацыянальных меншасцяў у Польшчы, тлумачыць Марыя Луцэвіч-Напалкава, а таму ідэя фінансава падтрымліваецца польскім міністэрствам адукацыі.

«Калі што, заняткі пачнуцца з новага навучальнага года, з верасня, калі дзеткі пойдуць у садкі і школы. Ёсць і такое патрабаванне, што ў дзіцяці мае быць польскае грамадзянства і адпаведна ў аднаго з бацькоў», – кажа Марыя Луцэвіч-Напалкава.

Яна дадае, што наступная арганізацыйная сустрэча адбудзецца ў суботу 25 лютага а 12-й гадзіне ў «Biblioteka multimedialna Nautilus» (адрас у Варшаве: Pancera, 18).

Ахвотным запісаць сваё дзіцё беларусам з Варшавы Марыя Луцэвіч-Напалкава раіць паведаміць пра сваё жаданне да канца сакавіка.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў