У Варшаўскай бібліятэцы з’явілася паліца з дзіцячымі беларускімі кнігамі


Беларускія творы можна знайсці ў мультымедыйнай бібліятэцы для дзяцей і моладзі «Nautilus». Кожны ахвочы можа ахвяраваць бібліятэцы не толькі кнігі, але беларускую музыку і фільмы. Цяпер у калекцыі 15 кніг.

Як адзначыў у размове з belsat.eu ініцыятар праекту Уладзь Міхневіч, у Варшаве цяпер жыве некалькі дзясяткаў беларускіх семʼяў, якія зацікаўленыя ў развіцці ў сваіх дзяцей беларускай мовы.

«Мэта ініцыятывы – каб дзеці беларускамоўных бацькоў і дзеці, якія, між іншага, гавораць па-беларуску, бо гэта семʼі двух альбо трохмоўныя, развілі слоўны запас і маглі гаварыць не толькі з бацькамі, але і з аднагодкамі».

13230254_10154103049136380_7930727883320426151_n

Кніжная ініцыятыва, якая ўключае ў сябе сустрэчы, не націскае на масавасць, галоўнае – якасць, адзначае Уладзь Міхневіч.

«Гэтыя заняткі раскрываюць дзецям рот – яны перастаюць баяцца гаварыць. Мы паказваем бацькам, у якой форме можна падаваць ім інфармацыю. Каб сабраць рознаўзроставых дзяцей у адным зале і змусіць іх хаця б пятнаццаць хвілінаў уважліва слухаць, трэба быць не проста геніям, гэта амаль немагчыма».

Наступная сустрэча групы адбудзецца 21 траўня ў бібліятэцы «Nautilus» а 12:00. Адрас – Feliksa Pancera 18, 03-187 Варшава.

ДР, belsat.eu

Фота Сяргей Пеляса

Стужка навінаў