У Турцыі расстралялі амбасадара Расеі. Забойства трапіла ў жывы эфір ТБ

video

У Анкары забілі амбасадара Расеі ў Турцыі Андрэя Карлава.

Гэта адбылося падчас адкрыцця фотавыставы, паведамляе CNN Turk. МЗС Расеі пацвердзіў смерць Андрэя Карлава. Нападнік быў ліквідаваны, паведамляе «Reuters».

Карлава прызначылі на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Расеі ў Турцыі ў ліпені 2013 года.

МЗС Турцыі асудзіў «тэрарыстычны напад» і пацвердзіў факт ліквідацыі нападніка.

«Мы не дазволім, каб гэтае злачынства кінула цень на расейска-турэцкія адносіны», – гаворыцца ў заяве турэцкага МЗС.

Кіраўнік Камісіі Савету Федэрацыі па інфармацыйнай палітыцы РФ звязвае забойства расейскага амбасадара з вызваленнем Алепа ад паўстанцаў і антыўрадавых сілаў. А таксама называе забойства «абʼяўленнем вайны Расеі».

МЗС Расеі назвала забойства «актам тэрарызму». Турэцкія медыі паведамляюць, што нападнік раней служыў у паліцыі.

Паводле міжнародных інфармацыйных агенцтваў, падчас нападу раненні атрымалі некалькі асобаў.

Фота: AP Photo/ Burhan Ozbilici

Міністэрства замежных справаў Італіі, Грэцыі, Літвы, Эстоніі, Нарвегіі, Іспаніі ды шэрагу іншых краінаў выказалі свае спачуванні на адрас Расеі.

Паводле «Reuters», забойства амбасадара ў тэлефоннай размове абмеркаваў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і кіраўнік Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары