У Турцыі пасля няўдалага путчу арыштавалі або затрымалі 35 тысяч чалавек


Болей за 82 тыс. чалавек дапыталі, а 35 тыс. – затрымалі ці арыштавалі за апошнія паўгода ў Турцыі, гэткія лічбы прыводзіць заходняя прэса. 26 тыс. з тых 35-ці тыс. неўзабаве адпусцілі пасля «неабходнага юрыдычнага кантролю», «папраўляе» журналістаў Міністэрства юстыцыі Турцыі.

Еўразвяз незадаволены «працэсам магчымага вяртання смяротнага пакарання» турэцкімі ўладамі, а турыстычны бізнес пакутуе ад рэзкага падзення плыні турыстаў. Што цяпер адбываецца, а, найперш, з правамі чалавека і свабодаю слова.

У Стамбуле, ледзь не кожны мясцовы таксіст у мінулым, як сцвярджаюць знаўцы, часта крымінальнік. З вас паспрабуюць узяць у два, а то і ў тры разы болей, чым трэба, а літаральна адзінкі з іх валодаюць якой-небудзь іншаю моваю, апроч турэцкай.

Паліцэйскі аўтамабіль, які нагадвае ленінскі браневічок пачатку мінулага стагоддзя, – неадемная частка сённяшняга стамбульскага краявіду. А шчыльнасць паліцыянтаў на вуліцах, у тым ліку «ў штацкім» значна павышаецца падчас акцыяў пратэсту, напрыклад, на акцыі, прысвечанай закрыццю тэлеканалу «TV 10».

Нашая спроба дастаць камеру і пачаць выкананне свайго журналісцкага абавязку скончылася ўжо на другой хвіліне падыходам «маладога чалавека ў скуранцы», які запатрабаваў тэрмінова спыніць здымкі. А вось журналіст Гёкхун Гёчмэн, які працуе ў апазіцыйнай прэзідэнту Эрдагану газеце «Aydinlink», што прыблізна перакладаецца як «Прамень святла», асвятляць грамадзянскія акцыі пратэсту ходзіць у адмысловым абсталяванні.

Міжнародны аглядальнік газеты «Aydinlink» Гёкхун Гёчмэн заўважыў: «Мы выкарыстоўваем вось такія рэспіратары, каб абараніць лёгкія ад газавых бомбаў падчас акцыяў пратэсту, і вось такія каскі, калі паліцыянтам раптам засвярбіць страляць пластыкавымі кулямі, – яны вельмі небяспечныя, асабліва калі трапяць у галаву».

Дарэчы, у 2009 годзе «Прамень святла» забаранілі на пэўны час паводле абвінавачання ў «распаўсюдзе прапаганды тэрарыстычнай арганізацыі». А раней у тым жа годзе «Прамень святла» апублікаваў падрабязнасці тэлефонных размоваў паміж у той час прэм’ер-міністрам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам і «калегаю» з Паўночнага Кіпру Талатам. Але і сёння, сцвярджае турэцкі калега, газета ходзіць пад «сякераю» ўлады.

«Мы перажываем вельмі цікавыя часы цяпер. Бо турэцкае грамадства даведваецца, напрыклад, пра тое, што тэрарыстычныя арганізацыі, як высвятляецца, маюць вельмі моцныя сувязі з урадавымі. І таму ты як журналіст не можаш раскрываць усе гэтыя сувязі, бо адразу можаш падпасці пад ціск і рэпрэсіі», – адзначыў Гёкхун Гёчмэн.

А вось сярод палітычных партыяў найбольшаму ціску і рэпрэсіям падвергнулася «HDP», – Народна-дэмакратычная партыя Турцыі, – дзесяць яе чальцоў, дэпутатаў Нацыянальнага парламенту, аказаліся за кратамі, уключаючы старшыню Сэляхатын Дэмірташ. Згодна з уладамі, за тое, што яны маюць сувязі з курдскімі сепаратыстамі, – забароненай у Турцыі партыяй ПКК, якую лічаць тэрарыстычнаю арганізацыяй. Але ў самой «HDP» лічаць, што прэзідэнт такім чынам проста змагаецца з апазіцыяй.

«Пасля вайсковага путчу 15 ліпеня ва ўраду быў шанец нармалізаваць дэмакратычныя працэсы ў Турцыі, але Эрдаган, я падкрэслю, менавіта ён, як чалавек, які прымае найважнейшыя рашэнні ў краіне, не зрабіў гэтага. А наадварот распачаў свой уласны путч супраць усіх дысідэнтаў, усіх медыяў, якія не падзяляюць ягонай думкі», – падкрэсліў старшыня «HDP Istanbul» Даган Эрбаш.

А ці дапаможа путч набраць палітычныя балы, у партыі-дысідэнце таксама сумняюцца.

«Атака на нашую партыю з боку ўладаў, падкрэслю, незаконная, нелегальная. Яны проста спрабуюць такім чынам зменшыць наш палітычны ўплыў на масы. Але ці будзе ён ад гэтага зменшаны, паглядзім. Я думаю, нашая папулярнасць яшчэ больш вырасце», – заўважыў Даган Эрбаш.

Расце ў Турцыі апошнім часам і папулярнасць жаночых праваахоўных арганізацыяў, асабліва ва ўмовах актывізацыі тэрарыстычнай дзейнасці, калі градус агрэсіі ў грамадстве значна ўзрастае, у тым ліку да жанчын з боку мужчынаў.

«Жанчыну ў нас традыцыйна разглядаюць найперш як чальца сям’і, а не як чалавека, індывідуальнасць. Гэта азначае, што нават перад тым, як яна выходзіць замуж, яна належыць сваёй сям’і, у якой кіроўную ролю грае ейны бацька або іншы мужчына», – адзначыла Шэхназ Кіймаз Бахчэджы з арганізацыі «Women for womenʼs human rights».

Добраахвоотніцы арганізацыі з рамантычнаю назваю «Фіялетавы дах», якая існуе ўжо 17 гадоў, займаюцца наданнем прытулку жанчынам, якія падпалі пад гвалт. Сёлета пад «фіялетавы дах» папрасіліся амаль тысяча жанчын, 41 з іх атрымалі прытулак.

«Палітычнае напружанне і крызіс, які можна назваць вайною, што адбываецца вось ужо болей за паўтара года, і найперш на паўднёвым усходзе Турцыі, меў вельмі моцны негатыўны эфект і выклікаў літаральна выбух гвалту супраць жанчын», – падкрэсліла Дуйгу Даган з фонду «Mor Ҫati women shelter».

Але ўсё ж, як мяркуюць самыя жыхары амаль 20-ці мільённага мегаполісу, у тым ліку Санэр Курак, уладальнік крамы дываноў ручной працы, галоўнае, што згубіла Турцыя ў выніку тэрактаў, у тым ліку апошняга тэракту каля стадыёну «Бешыкташ», гэта плыня турыстаў, якая прыносіла значны даход і самім гандлярам, і дзяржбюджэту краіны.

«Асабліва пасля тэрактаў, калі былі ўзарваныя бомбы, і пасля падзеяў 15 ліпеня і пачатку рознага кшталту вайсковых аперацыяў людзі баяцца да нас ехаць і, у прынцыпе, маюць рацыю. Але ім варта ведаць, што Турцыя самая бяспечная краіна на Блізкім Усходзе», – сказаў Санэр Курак.

У прынцыпе, згодныя з гэтым меркаваннем рыбакі ды мінакі на адным са стамбульскіх мастоў. Нягледзячы на ўсю жудаснасць таго, што тут адбываецца апошнім часам.

Жыхары Стамбулу:

«Страшна, вядома, было… Спадзяюся, больш не паўторыцца…».

«Гэта на Блізкім Усходзе шмат праблемаў са свабодаю, а ў нас яна ўсё ж такі ёсць».

«Тое, што адбываецца ў нас, гэта не дрэнна, гэта – добра! Бо мы ўбачылі моцнага лідара нашай краіны, які здольны зрабіць нашае жыццё бяспечным».

«На маё жыццё тая палітыка не ўплывае. Усё роўна ўсё вырашаюць наверсе, я нічога не вырашаю».

«У Турцыі ўсё класна, паглядзіце толькі на нашыя краявіды… А мы, што мы? Мы як лавілі рыбу тут, на гэтым мосце, так і будзем лавіць…».

І таму жыццё ў «горадзе кантрастаў» Стамбуле працягваецца і будзе працягвацца.

Мост, які раней называўся Басфорскі, што звязвае еўрапейскую ды азіяцкую часткі Стамбулу, афіцыйна перайменавалі ў Мост пакутнікаў 15-га ліпеня. Гэта зрабілі ў гонар ахвяраў дзяржаўнага перавароту, якіх было 248!

248 чалавек загінулі за адную ноч, некаторыя з іх на гэтым мосце ад куляў і снарадаў турэцкага войска. Ніколі не пераможа той палітык ці вайсковец, мяркуюць туркі, хто аддае загад страляць па ўласным народзе.

Матэрыял праграмы «Прасвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Іншыя тэмы апошняга выдання: назіральнік АБСЕ: выбары ў Беларусі – гэта магія; не тое, за што змагаўся «Еўрамайдан»; «Шалёны сабака» і сябра Расеі; серыялы і чуткі: што вы не ведалі пра расейскую прапаганду і гэтак далей.

Алесь Сіліч, «Прасвет», Турцыя

Стужка навінаў