«У тумане». Неўзабаве на «Белсаце» – прэм’ера стужкі паводле «самага дэпрэсіўнага твору Быкава»


Фільм Сяргея Лазніцы – гэта прарыў у беларускім кіно. Стужка «У тумане» атрымала прэмію Федэрацыі кінакрытыкаў на 65-м Канскім кінафестывалі, галоўныя прызы на кінафестывалях у Ерэване і Адэсе, Гран-Пры кінафестывалю «Люстэрка» імя А. Таркоўскага.

Галоўны герой аповесці ды фільму – пуцявы абходчык Сушчэня, ягоную ролю выканаў беларус Уладзімір Свірскі. Партызаны едуць забіваць абходчыка за супрацу з немцамі. І давесці, што ён не калабарант, – немагчыма. Драматычная стужка, што трымае ў напружанні гледача да апошняй секунды

Фільм «У тумане» можна будзе паглядзець у эфіры «Белсату» 10 траўня ў 21:45, а таксама на старонцы онлайн-трансляцыі. Паўтор – 11 траўня ў 14:05 і 22:20.

«Прыхільнікі старой школы савецкага кіно могуць палічыць зімовыя лясы і герояў-фаталістаў знаёмымі, але стужка аддзячыць за цярплівы прагляд развіццём у напружаную, поўную нюансаў філасофскую драму. Зусім не блокбастар, «У тумане» павінен прыцягнуць нішавую аўдыторыю сваёй інтэлектуальнаю шматзначнасцю і тэхнічным майстэрствам» – Стывен Долтан, The Hollywood Reporter.

Ваенны фільм зняты паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Сам пісьменнік перад смерцю паспеў пажадаць рэжысёру поспеху. Бюджэт карціны складае 2 млн еўраў, выдзеленыя нямецкімі, латышскімі ды галандскімі прадзюсарамі. Склад здымачнай групы таксама выйшаў вельмі шматнацыянальны, а партызанскія лясы здымаліся ў Латвіі.

«Вайна – не тэма. Вайна не можа быць тэмаю. Гэта абставіны дзеянняў. Гэта стужка пра безвыходнае становішча, у якім можа апынуцца кожны з нас. Кожны! Месца дзеяння – вайна, яна ўсё агаляе», – сказаў у інтэрвю «Белсату» рэжысёр Сяргей Лазніца.

Манера сучаснага кіно вызначаецца дакументальнасцю. Манументальнае апавяданне патрабуе такіх жа здымкаў. «Камера грунтоўная, – дадае суразмоўца. – На здымках выкарыстоўваліся кран, штатыў, рэйкі, але ёсць у тым ліку і ручная камера».

Галоўнага героя Лазніца не ацэньвае: «Сітуацыя пазбаўляе яго выбару. Ягонае рашэнне – не выйсце з сітуацыі, а мажлівасць выратаваць сябе. Што стварае такую сітуацыю – вось што мяне цікавіць». У яе можа трапіць кожны, падкрэслівае рэжысёр, і прызнаецца: калісьці такое давялося перажыць і самому. І тут жа дадае: «Гэта не абавязкова заканчваецца такім выйсцем, якое ёсць у аповесці».

Кінакрытык Андрэй Расінскі называе Быкава «адным з самых кінематаграфічных і самым экранізаваным беларускім аўтарам». Аповесці жа «У тумане» – «бадай, самым дэпрэсіўным творам» пісьменніка і «самым актуальным для сённяшняй Беларусі».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары