У цэнтры Вільні кавярня развесіла «шыбенікаў»


Віленская кавярня адказала жудаснай інсталяцыяй на непрацяг мэрыяй арэнды.

Кампанія «Supermaistas» атрымала ліст з віленскай мэрыі, у якім паведамлялася пра непрацяг арэнды зямлі, на якой знаходзілася вулічная кавярня. Цяпер да 15 лістапада кампанія за свой рахунак мусіць разабраць вулічную кавярню. Мэрыя ж правядзе конкурс на абсталяванне і эксплуатацыю новай вулічнай кавярні.

У «Supermaistas» такім рашэннем абурыліся, хоць і прызналі, што часткова кавярня была абсталяваная без узгаднення з гарадскімі ўладамі.

«Адзінае, што не было ўзгодненае – узвышэнне з драўляных дошак пад нагамі наведнікаў, каб сталы стаялі стабільна. Як нам паглядзець у вочы нашым 10 супрацоўнікам, якім мы будзем вымушаныя звольніць?» – тлумачыць кіраўнік кампаніі Караліс Ярушавічус.

Ля кавярні стаіць плакат з абвінавачваннямі ў адрас дэпутата гарадской рады Мікаласа Маяўскаса і вісяць манекены ва ўніформе супрацоўнікаў кавярні. У сваю чаргу Мікалас Маяўскас кажа, што кампанія дапусціла шэраг парушэнняў: ініцыявала самавольную будоўлю, гандлявала па начах без адпаведнага дазволу. Таму мэрыя вырашыла не выдаваць дазволу на далейшую дзейнасць.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi (фота Delfi)

Стужка навінаў