У цэнтры Менску прайшла акцыя Мікалая Статкевіча ў гадавіну рэферэндуму 1996 года. Відэа «Белсату»

video

Былы палітвязень і экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч ініцыяваў правядзенне акцыі ў цэнтры Менску, прысвечанай 19-годдзю рэферэндуму 1996 года.

На акцыю да ГУМу прыйшлі Мікалай Статкевіч, а таксама апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец, актывісты Максім Вінярскі і Павел Вінаградаў, падае БелаПАН.

Статкевіч распавёў журналістам, што акцыя пераследуе некалькі мэтаў. Па-першае, яна праводзіцца для таго, каб ушанаваць памяць зніклых палітыкаў.

Фота з «Тўітэру» Tut.by

«Мы не ведаем, дзе яны пахаваныя, але мы ведаем, дзе яны працавалі. Мы пойдзем пад вокны кабінета, дзе працаваў Юры Захаранка (яго вокны выходзілі на праспект), і запалім там свечкі. Потым мы пойдзем у ЦВК (там працаваў Віктар Ганчар. – БелаПАН)», – сказаў палітык.

Яшчэ адной мэтай акцыі, па словах Статкевіча, з’яўляецца «тэрапія ад страху». «Як вы памятаеце, 29 кастрычніка мы правялі акцыю каля КДБ. І МУС, і Дом ураду – гэта тыя будынкі, якія выклікаюць у простых беларусаў страх. Магчыма, людзі пасля сённяшняй акцыі стануць менш баяцца», – растлумачыў палітык.

На пытанне, ці не баіцца ён новых судоў пасля сённяшняга мерапрыемства, Статкевіч адказаў, што ён «не звяртае на гэта ўвагі». «Я баюся не апраўдаць даверу людзей. Я баюся толькі за Беларусь», – падкрэсліў былы палітвязень.

Удзельнікі прыйшлі на акцыю з нацыянальнай сімволікай і партрэтамі зніклых палітыкаў – Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

З-пад ГУМу каля 70 ўдзельнікаў рушылі праспектам Незалежнасці ў бок Дому ўраду. Да будынку МУС удзельнікі не змаглі прайсці, бо праход быў заблакаваны металічнай агароджай. Побач стаяў цяжкавік.

Фота з «Тўітэру» радыё «Свабоды»

Удзельнікі пайшлі да правага крыла Дому ўраду, дзе месціцца ЦВК, каб запаліць знічы і свечкі.

На плошчы Незалежнасці да Мікалая Статкевіча падыйшлі міліцыянты, каб скласці пратакол.

Былы палітвязень адзначыў, што на акцыю прыйшло дастаткова людзей, каб яна выглядала годна.

«Не зважаючы на тое, што мы жывем у грамадстве страху, акцыя адбылася ў такім месцы, дзе пяць гадоў таму збівалі тысячы людзей, арыштоўвалі, хапалі. Людзі прыйшлі ў гэтае месца і паказалі, што яны не баяцца», – сказаў дзеяч.

Міліцыянты склалі таксама пратаколы на былога экс-кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева, грамадскіх актывістаў Максіма Вінярскага і Алеся Макаева. Пратакол склалі на маладзёна, на плячах уякога быў бел-чырвона-белы сцяг, ды яшчэ на некалькі асобаў.

Міліцыянты склалі адміністрацыйныя пратаколы на журналістаў Галіну Абакунчык, Кацярыну Андрэеву і Дзмітрыя Галко, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ды паабяцалі выклікаць позвай у суд, напісаў у «Фэйсбуку» прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Уся акцыя трывала каля гадзіны – ад 18:00 да 19:00.

Cцягі на акцыі. Фота з «Тўітэру» радыё «Свабоды»

Акцыя прымеркавана да гадавіны рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, праведзенага па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Па выніках рэферэндуму былі ўнесеныя змены ў Канстытуцыю, якія, апроч іншага, працягнулі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі на два з паловай гады. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю, Еўразвязам, ЗША, АБСЕ і іншымі аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі.

Сённяшняя акцыя ўпершыню была праанансаваная Статкевічам 10 кастрычніка падчас «шэсця нацыянальнага сцяга» ў Менску. Пазней на старонцы палітыка ў «Фэйсбуку» з’явілася паведамленне пра тое, што акцыя 24 лістапада будзе прысвечана памяці зніклых палітыкаў: былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і старшыні Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара. «Мы пройдзем да месцаў, дзе працавалі забітыя, – будынкаў МУС і ЦВК, каб запаліць там свечкі памяці, – напісаў Статкевіч. – Калі мы перастанем нагадваць грамадству аб палітычных забойствах, яны могуць паўтарыцца Калі забудзем, як у нас забралі свабоду, у нас яе будуць забіраць зноў і зноў».

Фільм «Белсату» – «Банда» пра эскадроны смерці ды знікненне апазіцыйных палітыкаў ды дзеячаў

Заяўка на правядзенне акцыі ў гарвыканкам не накіроўвалася. Статкевіч неаднаразова заяўляў, што не мае намеру прасіць ва ўладаў дазволу на правядзенне падобных акцыяў, паколькі мірныя сходы грамадзян гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч выйшаў на волю датэрмінова жніўня 22 і зараз знаходзіцца пад прафілактычным наглядам праваахоўных органаў.

29 кастрычніка пад сценамі КДБ адбылася акцыя памяці па закатаваных аквярах сталінізму, да якой таксама заклікаў Мікалай Статкевіч. На акцыю прыйшло каля 150 чалавек. Яна закончылася без затрыманняў, але на некаторых беларускіх палітыкаў тады склалі пратаколы.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары