У цэнтры Менску можна будзе пабачыць самалёт Маленькага прынцу


Мадэль самалёта

Ад сёння ў холе гандлёвага цэнтру Galleria Minsk ўсе жадаючыя могуць сфатаграфавацца з 4-мятровай мадэллю самалёта, пабудаванай паводле французкага паўтараплана «Nieuport 17» узору 1916 года.

Яна стане часткай дэкарацый дзіцячага шоў «Маленькі прынц», паказ якога стартуе ў арт-центры «Кропка» у суботу 29 красавіка.

Гэтую і іншыя дэкарацыі да шоў «Маленькі прынц» паводле знакамітай казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы распрацавала беларуская каманда дэкаратараў пад кіраўніцтвам мастака Уладзіміра Дарашкевіча, якая працавала на фільмах «Паляванне на піранню» (2006), «Сага пра хантаў» (2009), «Сувязь часоў» (2010), «1812: Уланская балада» (2012) і іншых буйных праектах. Яны будавалі дамы і цэлыя вёскі, агромістыя цэпеліны і іншыя аб’екты. Не менш уражваючымі будуць і дэкарацыі «Маленькага прынца».

«Мы робім тое, што ў Беларусі яшчэ ніхто не рабіў – паўнавартаснае тэатральнае шоў з насычаным візуальным складнікам. Каб дзеці і дарослыя не проста прыходзілі і слухалі тэкст у выкананні актораў, а пераносіліся ў іншую рэальнасць. У дадатак да дэкарацый будзем выкарыстоўваць праекцыі і 3D-мапінг. Пустыня ды іржаное поле, планеты ды астэроіды, самалёт і зорнае неба – у нашым шоў усё будзе па-сапраўднаму», – кажа прадусар «Маленькага прынца» Сямён Шапчыц.

Гісторыя Маленькага прынца – хлопчыка з астэроіда Б-612, які падарожнічае па розных кутках сусвету, – адна з улюбёных казак свету. З часоў першай публікацыі ў 1943 годзе яе пераклалі на 300 моваў – гэта самая перакладаная кніга за ўсю гісторыю чалавецтва пасля Бібліі і Карана. Агульны наклад твору перавысіў 200 млн экзэмпляраў.

Глядзіце таксама:

Паказы праекту будуць адбывацца ў арт-цэнтры «Кропка» (ГЦ Galleria Minsk, 5 паверх) з 29 красавіка да пачатку чэрвеня. Дзеля максімальнага камфорту маленькіх гледачоў кожны паказ разлічаны толькі на 60 чалавек. Па працоўных днях квіток каштуе 20 рублёў, сямейны (3 чалавекі) – 50 рублёў. Па выходных – 25 і 65 рублёў адпаведна. Дзеці да 3 год у суправаджэнні дарослага – бясплатна. Інфалінія: (029) 650 99 99.

Продаж – bileti.by.

Паказы будуць адбывацца з 29 красавіка па 14 траўня.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў