У цэнтры Менску адбыўся Беларускі нацыянальны кангрэс (Абноўлена)

video

15 траўня апазіцыя правяла ўстаноўчую сесію Беларускага нацыянальнага кангрэсу каля помніка Янку Купалу.

У парк Янкі Купалы прыйшло каля сотні чалавек. Прычыну збору тут Мікола Статкевіч патлумачыў тым, што сябрам аргкамітэту кангрэсу адмовілі ў памяшканні ўсе, да каго яны звярталіся.

Як міліцыя спрабавала скласці пратакол на Мікалая Статкевіча. Відэа:

https://www.youtube.com/watch?v=_4lBOJAdvKY&feature=youtu.be

12:46 Кагрэс скончыўся.

12:58 Пасля выступленняў удзельнікі кангрэсу распачалі прыняцце рэзалюцыяў, падае БелаПАН. Першаю ўхвалілі рэзалюцыю «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі».

https://www.youtube.com/watch?v=PwZz4Llk80o&feature=youtu.be

У ёй гаворыцца пра тое, што «сучасная беларуская дзяржава прыватызаваная аўтарытарным рэжымам з мэтаю панавання над краінаю». «Рэальныя дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі зліквідаваныя, выбары ператвораныя ў фарс, улады душаць любыя праявы іншадумства, грамадскага супраціву, скіраванага на ўсталяванне дэмакратыі, законнасці, правоў чалавека», – адзначаецца ў рэзалюцыі.

«Не маючы дастатковых сродкаў на захаванне архаічнай эканамічнай мадэлі, рэжым распрадае нават тыя актывы, якія ёсць асновай суверэнітэту Беларусі. Прададзеная ўся газатранспартная сістэма, частка вайсковага суверэнітэту, большая частка тэлевізійнай прасторы. Праз крамлёўскія датацыі і прэферэнцыі, якімі падтрымліваецца рэжым, Беларусь трапіла ў небяспечную залежнасць ад Расеі», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Крызіс расейскай сыравіннай эканомікі, адзначаецца ў дакуменце, «пацягнуў на дно шчыльна прывязаную да яе нерэфармаваную эканоміку Беларусі: падае вытворчасць, зніжаюцца прыбыткі насельніцтва, расце беспрацоўе, павялічваецца вонкавая запазычанасць, усё больш беларусаў пакідаюць сваю краіну, якой пагражае страта галоўных галінаў прамысловасці і сацыяльны крызіс».

На думку ўдзельнікаў кангрэсу, агрэсіўная палітыка расейскага кіраўніцтва ўяўляе небяспеку не толькі палітычнай ды эканамічнай, але і нацыянальнай палітыцы беларускага рэжыму: «Каб дагадзіць свайму манапольнаму донару і перадухіліць нацыянальную кансалідацыю грамадства, рэжым паслядоўна знішчаў гістарычную памяць беларусаў, нацыянальную культуру, нашую мову. Паслядоўная і мэтанакіраваная палітыка русіфікацыі стала сурʼёзнаю пагрозаю суверэнітэту краіны».

«Нягледзячы на відавочную згубнасць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, кіроўны рэжым адмаўляецца ад жыццёва неабходных палітычных і эканамічных рэформаў. Прычына адна: дэмакратычныя рэформы прывядуць да страты аўтарытарнай улады. Таму рэжым спрабуе працягнуць час свайго існавання, забіраючы ўсё, што можна забраць, у народу. Нават у пенсіянераў і беспрацоўных. Пры існым рэжыме самое існаванне нашай дзяржавы, беларускае нацыі пастаўленае пад пагрозу. Каб пазбегнуць гэтага, нацыя павінна згуртавацца і прымусіць рэжым сысці», – сказана ў рэзалюцыі.

Кангрэс таксама прыняў рэзалюцыю «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў».

У ёй адзначаецца, што ўдзельнікаў кангрэсу хвалююць збядненне людзей, рост коштаў, беспрацоўе, карупцыя і свавольства чыноўнікаў, заняпад нацыянальнай культуры, нізкі ўзровень адукацыі ў краіне, пагрозы незалежнасці, міру і спакою ў Беларусі. У сувязі з гэтым платформа пераменаў вызначае асноўныя тэзісы – выратаванне нацыі, эканоміка і дабрабыт, клопат пра людзей, здароўе і экалогія, бяспека дзяржавы, Беларусь у свеце, веды і праўда. У гэтых кірунках кангрэс і мае намер дзеяць. Мікалай Статкевіч заявіў, што рэзалюцыя прымаецца за аснову для абмеркавання далейшай працы над ёю.

Удзельнікі кангрэсу ўхвалілі пастанову «Аб адзінстве дэмакратычных сілаў».

У ёй адзначаецца, што адзінства дэмакратычных сілаў – абавязковая і асноўная ўмова перамогі дэмакратыі ў Беларусі. «Толькі абʼяднаныя ды аўтарытэтныя дэмакратычныя сілы здольныя ўзначаліць і скіраваць сацыяльны пратэст, які нарастае, дзеля прымусу ўлады да дэмакратызацыі палітычнага ды эканамічнага жыцця краіны», – сказана ў дакуменце.

З мэтаю кансалідацыі дэмакратычных арганізацыяў кангрэс пастанавіў:

– лічыць Беларускі нацыянальны кангрэс пастаянна дзейным абʼяднаннем дэмакратычных сілаў краіны;

– сфармаваць шляхам наўпроставага дэлегавання раду кангрэсу з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў (па адным чалавеку) ды прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцыяў дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і гораду Менску);

– заклікаць да супольнай працы ўсе дэмакратычныя партыі ды арганізацыі, прадугледзець у радзе кангрэсу месцы для іх прадстаўнікоў;

– спрыяць стварэнню ў абласных цэнтрах і буйных гарадах рэгіянальных кааліцыяў дэмакратычных сіл з мэтаю іх кансалідацыі.

Прынялі таксама рэзалюцыю «Пра пазіцыю кангрэсу адносна выбарчай кампаніі 2016 года».

У ёй адзначаецца, што «кіроўны рэжым добраахвотна не пагодзіцца на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства», а таму кангрэс з разуменнем ставіцца да тых, хто не жадае браць удзел у выбарчай кампаніі.

Разам з тым пра ўдзел у палітычнай кампаніі заявіла большасць дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, якія збіраюцца скласці больш за пяць асобных спісаў кандыдатаў, гаворыцца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі кангрэсу лічаць безадказным, калі ў большасці акругаў аднаму кандыдату ад улады будуць супрацьстаяць па некалькі апазіцыйных кандыдатаў, якія «расцягнуць галасы пратэставай большасці і скрадуць перамогу самі ў сябе нават без фальсіфікацыяў». Такая сітуацыя можа прывесці «да яшчэ большага зніжэння аўтарытэту дэмакратычных сілаў і росту апатыі ў грамадстве».

Каб паменшыць негатыўныя наступствы канкурэнцыі апазіцыйных кандыдатаў паміж сабою, кангрэс пастанавіў вызначыць і абвясціць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты паводле наступных прынцыпаў:

– прэтэндэнты мусяць пісьмова звярнуцца ў раду кангрэсу з адпаведнаю заяваю аб тым, што іхная агітацыйная кампанія будзе грунтавацца на прынцыпах дэмакратыі, дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі;

– прэтэндэнты, прапанаваныя рэгіянальнымі кааліцыямі кааліцыямі дэмакратычных сілаў, аўтаматычна ўлучаюцца ў адзіны спіс кангрэсу на тую акругу, на якую былі прапанаваныя;

– калі на адну выбарчую акругу прыпадае некалькі прэтэндэнтаў, і ні адзін з іх не атрымаў падтрымання мясцовай кааліцыі дэмакратычных сілаў, то пастанову пра ўлучэнне ў спіс аднаго з іх прымае рада кангрэсу;

– рада кангрэсу спрыяе кандыдатам з адзінага спісу ў іхным вылучэнні, дапамагае ім палітычна, інфармацыйна ды ў іншых пытаннях.

У выпадку фальсіфікацыі вынікаў выбараў рада кангрэсу мае намер зарганізаваць мірныя акцыі пратэсту.

12:40 Выступіў кіраўнік прафсаюзу РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці) Генадзь Фядыніч. Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе заявіў, што сённяшняя ўлада «не проста слабая – яна ў маразме, яна не мае ніякіх планаў на будучыню, яна можа толькі закручваць гайкі». Уладзімір Някляеў, у сваю чаргу, заявіў, што беларусам «неабходна стварыць сілу, якая будзе супрацьстаяць усім сілам, што працуюць на знішчэнне Беларусі».

12:30 Міліцыянты выбарачна выцягваюць людзей і складаюць пратаколы. Міліцыянты паспрабавалі скласці пратакол на Статкевіча, але той просіць праваахоўнікаў не замінаць.

12:20 Апроч Статкевіча, сярод прысутных – Уладзімір Някляеў, Лявон Баршчэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары