У цэнтры Масквы затрымалі ўдзельнікаў пратэсту дальнабойшчыкаў


У Маскве затрымалі ўдзельнікаў акцыі супраць сістэмы «Платон», якую ўвялі расейскія ўлады, каб збіраць плату з дальнабойшчыкаў за праезд па федэральных трасах.

Пра гэта ў нядзелю, 29 лістапада, паведаміў расейскаму тэлеканалу «Дождь» актывіст руху «Левае сацыялістычнае дзеянне» Мікіта Аркін.

Усяго, паводле ацэнкі актывіста, паліцыянты затрымалі каля 25 чалавек. «ОВД-Инфо» паведамляе пра 13 затрыманых.

Па словах Аркіна, у затрыманых не было плакатаў або іншых агітацыйных матэрыялаў. Іх затрымалі пасля праверкі дакументаў.

Пасля таго, як каля дзесяці чалавек апынуліся ў паліцэйскім аўтобусе, іншыя актывісты падышлі да яго і пачалі выкрыкваць лозунгі, патрабуючы вызваліць іх паплечнікаў. Затым актывісты перакрылі дарогу аўтазака, і іх таксама затрымалі.

Сярод тых, хто апынуўся ў паліцыі, ёсць дальнабойшчыкі і прадстаўнікі левых рухаў, у прыватнасці, паэт Кірыл Мядзведзеў, распавёў актывіст.

Яны дастаўлены ў аддзел унутраных справаў «Прэсненскі».

Дальнабойшчыкі з некалькіх рэгіёнаў Расеі, якія пратэстуюць супраць платы за праезд цяжкавікоў па федэральных трасах, пачалі марш на Маскву. У шмат якіх рэгіёнах паліцыя затрымлівае кіроўцаў і арганізатараў акцый. Удзельнікі пішуць у сацсетках, што супрацоўнікі ДПС і АМАП перайшлі на ўзмоцненую працу, грузавыя аўтамабілі не прапускаюць і адпраўляюць назад, кіроўцам перакрываюць дарогі. Некаторыя дальнабойшчыкі вырашылі ехаць на легкавых аўтамабілях. Акцыю ў Маскве кіроўцы збіраюцца правесці 30 лістапада.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў