У цэнтры Кіева затрымалі Міхэіла Саакашвілі


Інцыдэнт адбыўся сёння ў рэстаране «Сулугуні», дзе палітык абедаў з кампаніяй. Невядомыя ў масках і з аўтаматамі – як мяркуецца, супрацоўнікі спецназа – уварваліся ва ўстанову, павалілі палітыка на падлогу, а потым павезлі ў невядомым кірунку. Пра жорсткае затрыманне палітыка паведамілі ягоныя паплечнікі.

«Толькі, што ў рэстаране «Сулугуні» ў Музейным завулку быў затрыманы Міхэіл Саакашвілі людзьмі ў масках і з надпісам «дзяржаўная памежная служба». Вывезены ў невядомым кірунку», – напісаў паліттэхнолаг Сяргей Гайдай.

Відавочцы паспелі запісаць 8-секунднае відэа затрымання і выкласці ў інтэрнэт. На здымках бачна, як людзі ў камуфляжы загадваюць легчы на падлогу аднаму з наведнікаў, а яшчэ аднаго жорстка скручваюць.

Паплечнік Саакашвілі Давід Сакварэлідзэ таксама пацвердзіў факт затрымання экс-прэзідэнта Грузіі.

«Міхэіла Саакашвілі затрымалі ў рэстаране «Сулугуні» (завулак Музейны, 10): тры бусы Фольцваген, нумарныя знакі АА (нумар аднаго з іх – АА0121СН)», – напісаў ён у Facebook.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН», палітыка затрымалі па запыце міграцыйнай службы. Верагодна, яго чакае дэпартацыя ў Польшчу.

12 лютага пракуратура Кіева выклікала лідара «Руху новых сілаў» для тлумачэнняў аб экстрадыцыйнай праверцы. Адвакат Саакашвілі Руслан Чарналуцкі заявіў, што палітык не прыйдзе, бо лічыць гэта незаконным.

Аб спробах затрымаць Міхаіла Саакашвілі раней заяўляў Давід Сакварэлідзэ. Паводле яго, спецпадраздзяленне СБУ «Альфа» мела намер забраць Саакашвілі ў кіеўскім гатэлі Fairmont Grand Hotel, аднак ахова іх не прапусціла з-за адсутнасці дакументаў. У сваю чаргу сілавікі зняпраўдзілі гэтыя абвінавачванні.

У дачыненні да Міхэіла Саакашвілі ўкраінскія праваахоўнікі вядуць расследаванне па падазрэнні ў фінансавым падтрыманні ад алігарха Сяргея Курчэнка, які збег з Украіны.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў