У цэнтры Горадні абрынуўся фасад гістарычнага будынку


Інцыдэнт стаў вынікам няўдалай рэканструкцыі.

Будынак другой паловы ХІХ ст. па вуліцы Кірава 3 ад пачатку 2015 году знаходзіўся на рэканструкцыі. Жыхары з яго адселеныя яшчэ ў 2008-м. Паводле задумы будаўнікоў з «Гроднажылбуду», захавацца меўся толькі фасад, унутраная планіроўка знішчалася цалкам.

Але, пазбаўлены апораў, фасад не вытрымаў і абваліўся – фактычна на праезджую частку.

«Цяжкі стан будынку быў абумоўлены яшчэ і размяшчэннем, перапады рэльефу спрычыніліся да прасядання фундаментаў, у выніку чаго не вытрымалі скляпенні колішняй брамы, дзе і адбыўся абвал», – тлумачыць гісторык архітэктуры Ян Лялевіч (на першым фотаздымку).

Адмыслоўца дадае, што з аднаго боку разумее будаўнікоў, якім кошт якаснай рэканструкцыі абышоўся б даволі дорага, з іншага канстатуе, што стары цэнтр Горадні ўсё больш нагадвае чалавечы рот, поўны штучных пратэзаў зубоў, дзе няма ўжо нічога сапраўднага.

«Мы бачым класічны беларускі падыход да гістарычнага будынку – утылітарны. Побач знаходзіцца будынак, дзе жыў стваральнік мовы эсперанта Земенгоф, дык там усё адноўлена старанна. А на Кірава 3 будынак давялі да жалоснага стану, каб пасля разабраць па цаглінцы», – працягвае Ян Лялевіч.

Зараз ад будынку агулам засталося каля 15 -20%, рэшта ператварылася ў будпляцоўку. Між іншым, камяніца была пабудаваная яшчэ ў 1879 годзе, напярэдадні знакамітага Гарадзенскага пажару. У ёй месціўся штаб сапёрнага палка, пазней – склад каланіяльных тавараў. Будынак быў унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, пра што раней сведчыла адмысловая шыльда.

Варта ўзгадаць таксама, што камяніца па Кірава 3 ужо аднойчы займела скандальную славу: некалькі год таму сярод белага дня з яе спілавалі старадаўні чыгунны балкон. Рабаўнікі тады так і не былі знойдзеныя.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў