У трох рэгіёнах Беларусі за квіткі ў грамадскім транспарце давядзецца плаціць болей


Кошты пайшлі ўгару ў Менскай, Віцебскай і Гомельскай вобласцях. Адпаведныя рашэнні апублікаваныя на афіцыйным нацыянальным прававым партале.

Цана праезду на звычайных і хуткасных маршрутах вырасце на 5 капеек і складзе 50 капеек, калі набываць у кіроўцы квіток будзе каштаваць 55 капеек. Кошт праезду ў аўтобусах экспрэсных маршрутаў таксама павялічыцца на 5 капеек і складзе 60 капеек.

Павялічыцца і кошт шматразовых праязных квіткоў. Залежыць ён будзе ад колькасці насельніцтва: у гарадах з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек кошт месячнага праязнога павялічыцца да 19 рублёў 12 капеек, у гарадах, дзе жыве больш 50 тысяч, за такі ж праязны трэба будзе выкласці 21 рубель 90 капеек.

Новыя кошты можна паглядзець тут.

Неўзабаве падвысяць кошт праезду ў Менску

Тут адпаведнае рашэнне па новым тарыфам прымае Менгарвыканкам, цяпер праходзіць узгадненне гэтага пытання. Калі квіткі падаражэюць, кошт складзе 60 капеек у наземным, 65 – у метро.

Апошні раз у Беларусі праезд даражэў у снежні летась – таксама на 5 капеек

У сярэдзіне верасня намеснік міністра транспарту і камунікацый Андрэй Ляхновіч заявіў, што да канца года кошт квіткоў у краіне падымаць не будуць.

Павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ і платы за праезд у грамадскім транспарце да ўзроўню рэнтабельнасці – адныя з умоваў пачатку новай крэдытнай праграмы ад МВФ. У 2018 годзе ўзровень кампенсацыі тарыфамі выдаткаў на грамадскі транспарт павінен скласці не менш за 70%. Улады разлічваюць утрымліваць гэты паказнік да канца 2020 года, калі, як плануецца, насельніцтва будзе плаціць за паслугі ЖКГ па поўным сабекошце.

У чэрвені сёлета Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі адзначыў, што ў Беларусі трэба «выйсці на нізкія тарыфы, каб насельніцтва не пакрыўдзілася».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў