У Светлагорску няма працы


На прахадной прадпрыемства «Мантажлёгмаш» у Светлагорску пуста. І паверыць цяжка, што работы мантажу ды апрацоўвання металу тут кіпелі паўстагоддзя. Прадпрыемства перажыло не адзін крызіс, а 2015 года не вытрымала. З першага ліпеня «Мантажлёгмаш» – у стадыі ліквідавання.

«Сёння ні ў кога грошай няма – што зробіш? Неплацяжы ідуць. Гэта было ўнікальнае падраздзяленне – 50 гадоў летась. Але, на жаль, – усё. Было дзесьці 60 чалавек, усе ўладкаваныя па іншых арганізацыях», – зазначае Аркадзій Падрабінкін, дырэктар прадпрыемства.

Прадпрыемства ў даўгах, а перад ім у даўгах іншыя кампаніі. Цяпер тут чакаюць крызіснага кіраўніка, заданне якога не ратаваць прадпрыемства, а зачыніць.

«Пакуль прыйдзе крызісны кіраўнік, пасля будзем рашаць, калі ўжо будзе банкруцтва – што з абсталяваннем, куды і як. Адразу выплачвацца будзе заробак», – прагназуе Аркадзій Падрабінкін, дырэктар прадпрыемства.

Крызіс адчулі і іншыя прадпрыемствы Светлагорску. З «СветлагорскХімВалакна» у мінулым годзе былі звольненыя 370 чалавек.

Летась у Светлагорску меў запрацаваць новы завод цэлюлозна-кардоннага камбінату, у ім нават прызначылі размеркаванне выпускнікам. Аднак вытворчасці гэтак і не запусцілі. Больш за тое, як паведамілі «Белсату» працаўнікі цэлюлозна-кардоннага камбінату, мясцовая ТЭЦ адключыла прадпрыемству электраэнергію за даўгі.

«Я напрыклад быў звольнены 1 сакавіка. Мяне папрасіў дырэктар Абыдзеннікаў. Ён сказаў – «Хлопцы, вы на пенсіі? Дайце магчымасць папрацаваць тым беспрацоўным – у трэсце зараз такая сістэма, што працы вельмі мала», – распавядае жыхар Светлагорску.

«З працай у амаль 70 тысячным Светлагорску дрэнна. Паўсюль скарачэнні – моладзі няма куды ўладкавацца абсалютна», – кажа мужчына. «І заробак малы, і працы няма», – дадае міначка. «Моладзі зусім складана. Калі хтосьці даўно працуе – то працуе. Але моладзі – зусім», – падсумоўвае жанчына.

Шмат хто з светлагорцаў не спадзяецца знайсці працу ні ў абласным цэнтры, ні ў сталіцы.

«У Светлагорску зусім працы няма – сітуацыя страшнейшая. Ездзяць пераважна ў Расею», – дзеліцца рабочы.

Таму шмат для каго квіток у адзін бок робіцца адзіным выйсцем.

Марына Вашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў