12 красавіка, праз дзень пасля дзяржаўнага перавароту, які зрынуў нязменнага цягам 30 гадоў кіраўніка Судану Умара аль-Башыра, зноў змянілася ўлада. У адстаўку падаў кіраўнік пераходнай вайсковай рады Ахмэд Аўад Ібн Ауф, які быў віцэ-прэзідэнтам пры аль-Башыру.
Новым кіраўнікам рады будзе генерал Абдэль Фатах аль-Бурхан Абдэльрахман. Пра гэта паведаміў сам Ібн Ауф, паведамляе Reuters.
Адстаўка адбылася на фоне масавых пратэстаў, удзельнікі якіх патрабуюць найхутчэйшых палітычных пераўтварэнняў.
Паводле апошніх дадзеных, падчас дэманстрацый 11-12 красавіка былі застрэленыя не менш за 16 чалавек, яшчэ каля 20 былі параненыя.
Нагадаем, што Ібн Ауф займаў пры аль-Башыры пасаду начальніка ваеннай разведкі, а таксама старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў. Ён быў у спісе асоб, на якіх у траўні 2007 года ЗША наклалі санкцыі за меркаваную датычнасць да вайны ў Дарфуры. Заяўляецца, што ібн Ауф мог каардынаваць авіябамбаванне мірных жыхароў, атакі на вёскі, перасяленні іх жыхароў і масавыя гвалтаванні.
У чэрвені 2010 года яго вызвалілі з пасады. Пасля службы ў войску ён быў накіраваны паслом у Аман. У жніўні 2015 года ібн Ауфа прызначылі міністрам абароны, а 23 лютага 2019 года – першым віцэ-прэзідэнтам Судану.
МГ belsat.eu