У студзені беларусы зноў кінуліся па аўты ў Расею


Падзенне валюты ў Расеі прыцягнула ў суседнюю краіну пакупнікоў аўтаў з Беларусі, асабліва добра набывалі мадэлі прэміум-класа.

Кошт такіх аўтаў у Расеі можа быць на некалькі тыс. еўраў меншы, чым у Беларусі.

«Перакупшчыкам стала больш выгадна набываць у Расеі аўты, што таннеюць, і пераганяць у суседнія краіны», – кажа прадстаўнік сайта «Авто.ру» Кацярына Карнаўхава.

З 10 студзеня ў радзел сайта з абʼявамі аўтам павялічылася колькасць наведвання з Беларусі, Казахстану, Украіны ды Арменіі.

Паводле «Авто.ру», сярэдні кошт «BMW X5» 2011 года вытворчасці ў Расеі складае €20 тыс., у Беларусі – €26 тыс., а ў Нямеччыне ўжо €29 тыс. Рэалізаваныя праз «Авто.ру» аўты пасля і зʼяўляюцца на сайтах па продажы аўтамабіляў у Беларусі, Казахстане і Нямеччыне.

Супрацоўнік расейскага дылерскага цэнтру «Skoda» распавядае пра пакупніка з Беларусі, які быў гатовы набыць «Skoda Superb» на некалькі соцень тыс. рублёў даражэй за рознічны кошт. Нават пры такіх умовах набыццё магло быць выгадным, калі ўлічыць, што пры ўвозе ў Беларусь аўтаў, вырабленых у Расеі, пакупнік не аплачвае мыту.

НМ, belsat.eu, паводле «Коммерсант»

Стужка навінаў