У Старых Дарогах міліцыянт збіў на пешаходным пераходзе двух хлопцаў


У пятніцу 30 чэрвеня ў Старых Дарогах супрацоўнік міліцыі на ўласным аўтамабілі збіў двух хлопцаў на пешаходным пераходзе.

Пра гэта паведамляе газета «Наша Ніва».

Адзін з іх у выніку здарэння трапіў у кому, у другога пераламаныя ногі і рукі – абодва яны ў шпіталі Слуцка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, хлопцы, якія былі нападпітку, вярталіся дадому – той, што ў коме, жыве акурат праз дарогу. Ягоная маці распавяла «Нашай Ніве» наступнае:

«Мне афіцыйна дагэтуль нічога не паведамілі, пра аварыю ўвогуле расказалі абсалютна левыя людзі! Мы як даведаліся, паехалі ў міліцыю, а яны нам адразу пра тое, колькі кампанія гарэлкі выпіла! Ну і што? Так, гэта мой крыж, мой боль, сын часам злоўжываў, але ён жа не бяздомны – ён праз дарогу жыве! Чаму вы нам не сказалі? У міліцыі сказалі таксама, што кіроўца быў цвярозы, хуткасць «у межах нормы» – 30 км/г. Але хіба тады так перамалоціць людзей? Мой у вельмі цяжкім стане, а той, што збіў, знаходзіцца дома, як нам сказалі ў РУУС».

Паводле БелаПАН, па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху). Міліцыянт-кіроўца не хаваўся, адразу паведаміў аб тым, што здарылася.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў