У старажытнай палескай вёсцы ўшанавалі Піліпаўскіх Дзядоў (Фотарэпартаж)


Карэспандэнт «Белсату» завітаў на даволі рэдкія для сучаснай Беларусі Піліпаўскія Дзяды, якія ладзяць у Данілевічах. гэта адна з самых старажытных палескіх вёсак, славутая традыцыяй ушанавання гаючай «каменнай дзяўчынкі».

Як і ў іншых вёсках беларускага Палесся, паводле традыцыі ў Данілевічах сваякоў-мужыкоў на восеньскія Дзяды памінаюць асобна ад Баб.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_38
У Данілевічах адзначылі Піліпаўскія Дзяды

У шматлікіх паселішчах нашчадкі найчасцей памінаюць ды частуюць душы сваякоў традыцыйнымі стравамі перад Міхайлай (на Міхайлаўскія Дзяды). У Данілевічах з душамі Дзядоў вячэраюць поснымі традыцыйнымі стравамі пазней: у пятніцу перад пачаткам Піліпаўскага паста, а з Бабамі – снедаюць тлустымі стравамі на наступную раніцу ў суботу.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_05
Прыгатаванні да вячэры

Перад святочнай вячэрай гаспадары звычайна прыбіраюцца ў хатах: падмятаюць падлогу, упрыгожваюць куты ручнікамі, падбельваюць печку, якую ў Данілевічах традыцыйна можна падбельваць толькі ў дзядоўскую пятніцу.

Гатуюць на Дзяды традыцыйныя посныя стравы, абавязкова куццю. У Данілевічах яна звычайна пшонная. Да таго ж гатуюць боршч, пякуць хлеб, пампушкі, якія на Дзядоў мачаюць не ў тлустую смятану, а ў чарніцы, патрэбны таксама кісель.

У цэнтры стала ставяць свячу ў зерне, як сімвал жыцця са светам памерлых. Перад вячэрай свячу можа запальваць толькі прадстаўнік мужчынскага полу – гаспадар. Садзіцца гаспадар у кут пад ікону. Мужчын у Данілевічах засталося мала, таму практычна ўсе тут звязаныя вузамі сваяцтва.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_10
Гаспадар запальвае свячу

Сваякі запальваюць свячу, моляцца і запрашаюць сваіх ды чужых Дзядоў на супольную вячэру ў хату. Вячэраць пачынаюць хлебам, потым ядуць боршч. Перад тым, як з’есці лыжку супу, мачаюць яе некалькі разоў і праліваюць трошкі насупраць – нібы частуючы кожнага з памерлых сваякоў. Тое ж робяць з іншымі стравамі.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_14
Адзін з рытуалаў – праліць лыжку баршчу на стол

Звычайна на Дзяды вячэраюць сціпла, без песень ды танцаў, а апошняй ядуць кашу. Першым яе зʼядае гаспадар. Як гавораць у Данілевічах: «каша – апошняя паша». Пасля лыжкі прыстаўляюць да гаршка з пшоннай у выглядзе сонца, каб продкі маглі і далей ёй частавацца.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_19
Каша на святочным стале

Калі дзеці просяць пасля вячэры піць, гаспадар спачатку пралівае тры разы ваду пад стол памерлым сваякам, і толькі потым дае дзецям.

Напрыканцы вячэры і малітвы гаспадар альбо гаспадыня (калі мужчыны няма) задзьмухвае свячу і глядзіць куды пойдзе дым: калі да Бога ўгору – у хаце ўсе ў гэтым годзе застануцца жывымі, калі да дзвярэй з хаты – хтосьці гэты год не дажыве, а пойдзе да продкаў у іншы свет.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_16
Святочная вячэра

Пасля вячэры сваякі перасаджваюцца з-за стала на лаву, каб у вуллях, ці калодах гаспадара вяліся пчолы (пчаліная сям’я традыцыйна параўноўвалася з чалавечым родам).

Ежу, што засталася пасля вячэры, пакідаюць на стале для памерлых на ноч, а дзверы пакідаюць адчыненымі.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_23
Жанчыны танцуюць

На наступную раніцу Баб шануюць ужо больш «па-зямному»: пякуць бліны са смятанай, абавязкова традыцыйную яешню з салам (сімвал урадлівасці), можна есці мяса ды іншую тлустую ежу. Лічыцца, што бабская субота ды нядзеля апошнія дні, калі можна тлуста паесці, паспяваць і пагуляць перад панядзелкам – пачаткам Піліпаўскага пасту.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_26
Страва на Піліпаўскія Дзяды

Не забываюць данілаўскія жанчыны ўшанаваць у суботу і крыжы ў выглядзе Бабы-прашчуркі ды сваю дапаможную каменную дзяўчынку традыцыйнымі фартушкамі ды хусткамі.

Паводле легенды, праз праклён сваёй маці падчас працы на жытнім полі, маленькая дзяўчынка ператварылася ў камень, які дапамагае ўсім, хто просіць здароўя. Асабліва дапамагае ў падаўжэнні роду ды шчасці ў асабістым жыцці. Да каменя і цяпер прыязджаюць памаліцца і пакінуць аброк шматлікія беларусы ды замежнікі.

paminanne_pilipauskikh_dzyadou_i_babau_na_palessi_47
Піліпаўскія Дзяды

Як гавораць данілегаўскія бабы: «Дзядоў любяць у нас менш за Баб»…

belsat.eu

Фота Вячаслаў Радзіміч

Стужка навінаў