У Стамбуле прайшоў шматтысячны мітынг у падтрыманне дэмакратыі


Дзясяткі тысяч чалавек узяло ўдзел у мітынгу ў падтрыманне дэмакратыі, які прайшоў у Стамбуле на плошчы Таксім.

Мітынг арганізавала найбуйнейшая апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя, аднак у ім таксама ўдзельнічалі прыхільнікі праўладнай Партыі справядлівасці і развіцця.

Выступаючы на мітынгу, адзін з кіраўніцтва Рэспубліканскай народнай партыі Вэлі Агбаба (Veli Ağbaba) раскрытыкаваў пераслед і арышт тысяч вайскоўцаў, выкладчыкаў і дзяржаўных службоўцаў пасля спробы перавароту.

Лідар апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу (Kemal Kılıçdaroğlu) у сваю чаргу адзначыў: «Дзяржава не можа кіравацца крыўдай, гневам і забабонамі. Вінаватыя ў путчы мусяць паўстаць перад судом з выкананнем прынцыпу вяршэнства закону. Гэта зʼяўляецца галоўным патрабаваннем дзеля цэласнасці дзяржавы і годнасці. Катаванні, жорсткае абыходжанне, прыгнёт і запалохванне не могуць выкарыстоўвацца дзяржаваў да путчыстаў. Гэта не можа быць дазволена».

Апазіцыя мяркуе, што прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган (Recep Tayyip Erdoğan) выкарыстоўвае няўдалы дзяржаўны пераварот як падставу, каб знішчыць іншадумства ў краіне. Некалькі тысяч жаўнераў, паліцыянтаў, суддзяў, настаўнікаў, дзяржаўных службоўцаў знаходзяцца пад следствам па справе спробы перавароту.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў