У спіс беларускіх бязвізавых зонаў могуць дадаць Браслаўскія азёры


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнае, што турызм у нашай краіне развіваецца вельмі павольна. Паводле ведамства, мясцовыя ўлады не зацікаўленыя ў развіцці экатурызму, а турыстычны патэнцыял беларускіх заказнікаў, запаведнікаў ды нацыянальных паркаў выкарыстоўваецца толькі на траціну, паведамляе minpriroda.gov.by.

Паводле ont.by, у хуткім часе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе ўключыць у спіс бязвізавых аб’ектаў яшчэ тры, сярод якіх – Браслаўскія азёры на мяжы з Літвой і Латвіяй.

Нагадаем, што на гэтым тыдні замежнікам дазволілі без візы прыязджаць на Аўгустаўскі канал і ў 30-кіламетровую зону вакол яго, у тым ліку Горадню.

Апроч таго, Мінпрыроды выступае з ініцыятывай стварэння на базе прыродаахоўных зонаў экатурыстычных кластараў, каб прывабіць аматараў «зялёнага» турызму, паведамляе тэлеканал ОНТ.

На сённяшні дзень беларуская сістэма прыродных тэрыторыяў, якія асабліва ахоўваюцца ўключае 1275 абʼектаў, у тым ліку 1 запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 98 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 275 заказнікаў мясцовага значэння, 329 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 568 – мясцовага значэння. Агульная плошча гэтага прыроднага багацця складае 1825,7 тыс. га (8,8 % тэрыторыі Беларусі).

Фота: trofei.by

ЮВ, belsat.eu, паводле ont.by, minpriroda.gov.by

Стужка навінаў