У Славакіі ўпершыню ў гісторыі забілі журналіста. Ён займаўся антыкарупцыйнымі расследаваннямі


У Славакіі быў забіты 27-гадовы журналіст Ян Кучак, які займаўся антыкарупцыйнымі расследаваннямі ў мясцовым выданні Aktuality.sk. Яго застрэліў кілер ва ўласным доме ў невялікім населеным пункце Велка Мача. Разам з ім была забітая ягоная нявеста Марына Куснырава.

Кучак – першы журналіст, забіты ў Славакіі за ўвесь час існавання дзяржавы. Прэзідэнт краіны Андрэй Кіска запатрабаваў самага дасканалага расследавання забойства журналіста. Прэм’ер-міністр краіны Робэрт Фіцо назваў злачынства беспрэцэдэнтным нападам на свабоду слова ў краіне і прапанаваў узнагароду ў 1 мільён еўра за дапамогу ў расследаванні забойства. Міністр культуры краіны Марэк Мадарыч падаў у адстаўку, заявіўшы, што не можа змірыцца са смерцю журналіста.

Апошнім часам Ян Кучак у супрацы з міжнародным Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) займаўся расследаваннем магчымых сувязяў славацкіх палітыкаў з італьянскай мафіёзнай групоўкай.

Расследаванне Кучака адштурхоўвацца ад гісторыі былой мадэлі Марыі Трашковай, якая здолела за кароткі тэрмін, не маючы якога-небудзь досведу, стаць памочніцай прэмʼер-міністра Робэрта Фіцо, а таксама бізнес-партнёрам 42-гадовага Антоніа Вадала – італьянскага імігранта, які валодае сеткай сельскагаспадарчых фірмаў на ўсходзе Славакіі. Італьянская паліцыя падазрае Вадала ў тым, што ён зʼяўляўся пасярэднікам у справах італьянскай мафіі, якая займалася кантрабандай какаіну з Лацінскай Амерыкі.

Да моманту забойства Яна Кучака журналісты працягвалі збіраць інфармацыю аб Антоніа Вадала, спрабуючы знайсці доказы, што той праз Марыю Трашкову меў карупцыйныя сувязі з офісам прэмʼер-міністра і іншымі палітыкамі Славакіі.

ІІ, belsat.eu, паводле Медуза

Стужка навінаў