У СК патлумачылі, чаму спынілі справу «Белага легіёну»


Прэс- служба Следчага камітэта апублікавала пашыраны каментар наконт спынення справы «Белага легіёну».

«Аналізуючы ў сукупнасці сабраныя доказы, следства прыйшло да высновы, што дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фармавання. Так, праведзеная ў групе прафесійная падрыхтоўка можа быць кваліфікаваная як баявая падрыхтоўка, характэрная для асабістага складу вайсковага фармавання альбо для незаконнага ўзброенага фармавання.

Разам з тым, у ходзе папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што названыя дзеянні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, а таксама на здзяйсненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеянняў», – адзначаецца ў паведамленні СК.

Паводле заявы СК, дзеянні абвінавачаных не маюць грамадскай небяспецы, уласцівай злачынству, бо не прычынілі істотную шкоду інтарэсам і грамадскім адносінам, што ахоўваюцца крымінальным законам.

«З улікам выкладзенага, гэтыя дзеянні абвінавачаных у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя нязначнымі.Такім чынам, крымінальны пераслед у дачыненні да абвінавачаных па арт.287 КК і папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спынена на падставе п.2 ч.1 арт.29 КПК Рэспублікі Беларусь за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства», – сцвярджае СК.

Матэрыялы справы ў цяперашні час накіраваны пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння.

Нагадаем, раней сёння старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве паведаміў, што крымінальны пераслед у дачыненні да ўсіх фігурантаў справы «Белага легіёну» быў спынены і ў справе «пастаўленая кропка».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў